Нямногiя жыхары нашай краiны размаўляюць на роднай мове. На вялiкi жаль, вельмi нямногiя.

Таму людзей, якiя дыхаюць ёю, якiя не могуць абысцiся ў сваiм жыццi без такiх слоў, як «дзякуй», «калi ласка», «матуля», «дабранач», вельмi прыемна сустракаць. З iмi так i хочацца гаварыць, гаварыць, гаварыць… А яшчэ… iх хочацца слухаць, слухаць, слухаць. Мабыць, яны адначасова прываблiваюць, прыцягваючы, i прыцягваюць прываблiваючы сваёй незвычайнасцю, арыгiнальнасцю i сваёй у нейкай ступенi, гераiчнасцю. Так, патрыётаў роднай мовы не вельмi многа (скажам мякка), асаблiва ў асяроддзi моладзi, але яны ёсць. І гэта не можа не радаваць. Не можа не задавальняць.

Дзяўчыне 19 гадоў. Адразу яна здалася мне дзiвачкай. Па‑першае, выглядала неяк «не як усе» (элементы арнаменту на джынсах, рознакаляровыя стужачкi, уплеценыя ў валасы),

а па‑другое, вяла са мною, ды i з iншымi таксама, гаворку толькi па‑беларуску. Толькi па‑беларуску!

Для мяне гэта ёсць, было i будзе звыш усяго самага незвычайнага. Пачуць жывую беларускую мову, даведацца, як гучаць многiя моладзевыя выразы на ёй — гэта дарагога варта. Не падлiчыць гэтага матэрыяльна, у якiх‑небудзь у.а. Адсюль у маiм аповедзе з’яўляецца сказ з пытальнiкам: «Навошта ехаць за тысячы кiламетраў i слухаць замежныя мовы, калi сваю, чыстую, сучасную, цiкавую, чуеш гады ў рады?» Навошта, патлумачце калi ласка, пазiраць на заморскiя цуды, калi звычайны беларускамоўны чалавек зараз робiцца нейкай неверагоднасцю? Варта пакiнуць гэтыя пытаннi без адказу. Толькi застануцца i iншыя пытаннi, накшталт: «Чаму вы не размаўляеце на роднай мове?», «Як вы ставiцеся да беларускамоўных кнiг, тэлесерыялаў, праграм тэлебачання?».

Пытаннi. Шмат. Рытарычныя.

Так, так! Нават атрымаўся нейкi парадокс: з аднаго боку — рытарычнасць, а з другога — адказы, якiя iснуюць усё ж. I валодаюць iмi ў першую чаргу, вядома ж, тыя людзi, якiя прапускаюць праз сябе кожнае беларускае слова, кожную iнтанацыю, кожны знак прыпынку. Мне пашанцавала чуць поўныя любовi словы прызнання роднай мове, словы ўдзячнасцi. Мне пашанцавала бачыць светлы твар выпадковай знаёмай, якая пайшла па нялёгкiм шляху, выбраўшы беларускую мову ў якасцi спадарожнiцы. Згадзiцеся, што зараз чамусьцi размова па‑беларуску часам успрымаецца людзьмi неадназначна: цi то адвыклi, цi то… Не ведаю, якое яшчэ можа быць «цi то», напэўна, у кожнага чалавека сваё, па‑свойму аргументаванае.

А вось маёй гераiнi не трэба шукаць, падбiраць словы для нейкага апраўдання: «Я нiкому нiчога не збiраюся навязваць. Я не хачу нiчога тлумачыць, мне апрыкла. Я размаўляю, як мне падабаецца, i мне падабаецца, як я размаўляю. Беларуская мова — гэта частка майго жыцця, частка, без якой я ўжо не я. Ведаеш, мне нават сны сняцца па‑беларуску. Гэта маё!»

Зразумела, што пачуўшы такi пранiклiвы адказ яшчэ зусiм маладой дзяўчыны, нельга не паверыць у светлую будучыню роднага слова. А як жа iнакш? Калi моладзь, хай сабе хоць адзiн яе прадстаўнiк, у сне размаўляе па‑беларуску — гэта, я ўпэўнена, добры знак. Мова не памрэ, не згiне, не адступiцца ад нас, а мы — ад яе.

Вольга Няхлебава, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0