31 ліпеня паступіла паведамленьне пра буйную аварыю на магістральным нафтаправодзе «Дружба» на тэрыторыі Суражскага раёну Бранскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю.

Аварыя адбылася яшчэ 29 ліпеня, у двух кілямэтрах ад населенага пункту Красная Слабада Суражскага раёну Бранскай вобласьці. Труба нафтаправоду трэснула – адбылося пашкоджаньне вантузнай засаўкі. Гэта здарылася таму, што труба старая – ёй больш за сорак гадоў, і яна папросту праржавела. У выніку аварыі выцекла 28 кубамэтраў нафты, на глебе ўтварылася дзьве нафтавыя плямы агульнай плошчай 340 квадратных мэтраў. На месцы аварыі працавалі дзьве аварыйныя брыгады МН «Дружба», а таксама апэратыўная група Галоўнага ўпраўленьня МНС Расеі па Бранскай вобласьці. Пашкоджаную трубу абрэзалі і замянілі яе новай, пралітую нафту адпампавалі. Цяпер усе работы па ліквідацыі аварыі завершаныя.

Экспэрты міністэрства прыродных рэсурсаў Расеі заявілі, што ня схільныя лічыць гэтую аварыю экалягічнай катастрофай. На іх думку, аварыя на нафтаправодзе можа быць расцэненая як здарэньне сярэдняй складанасьці, у выніку якога нафтаю забруджаны значны ўчастак дзяржаўнага ляснога фонду. Раней экалягічныя арганізацыі заявілі пра магчымасьць экалягічнай катастрофы на Браншчыне.

Па Браншчыне працякаюць рэкі басэйну ракі Іпуць, якая ўпадае ў Сож каля Гомеля. Паведамлялася, што нафта патрапіла і ў водныя аб’екты, аднак пазьней гэтая інфармацыя была абвергнутая.

Паводле БРЯНСК.RU, Министерство природных ресурсов Российской Федерации, Telegraf.by, REGNUM

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0