«За дзевяць месяцаў у эканоміцы дапушчаны сур’ёзныя правалы», — заявіў на пасяджэнні ўрада 26 верасня прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
«Найгоршы паказчык — па жніўні, і мы зноў змушаныя звярнуцца да сістэмы дадатковых мер», — дадаў прэм’ер.
Разам з тым, лічыць Сідорскі, па выніках дзевяці месяцаў эканамічныя паказчыкі рэальна давесці да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Паводле слоў кіраўніка ўрада, адна з галоўных праблем — няўменне выбудоўваць правільную маркетынгавую палітыку і прадаваць сваю прадукцыю.
Нягледзячы на станоўчую дынаміку скарачэння складскіх запасаў за 20 дзён верасня, большасць ведамстваў за выключэннем «Мінсельгасхарча» не спраўляюцца з выкананнем запланаваных паказчыкаў, падкрэсліў Сідорскі.
Ён адзначыў, што за ліпень—жнівень складскія запасы ўдалося скараціць практычна на 1 трлн. рублёў. Аднак шэраг міністэрстваў і канцэрнаў не спраўляюцца са сваімі абавязацельствамі. Прэм’ер‑міністр, у прыватнасці, раскрытыкаваў працу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, канцэрнаў «Беллеспаперапрам», «Беллегпрам» і «Белдзяржхарчпрам».
Неадназначная сітуацыя, паводле слоў Сідорскага, склалася і ў Мінпраме: запасы гатовай прадукцыі за 20 дзён верасня тут склалі 75 млрд. рублёў.
Далёка не ўсе прадпрыемствы зніжаюць свае запасы, падкрэсліў прэм’ер. «Асабліва насцярожвае сітуацыя па верасні на Мінскім трактарным заводзе, дзе рост складскіх запасаў склаў 6 млрд. рублёў, на «Гомсельмашы» — 15 млрд. рублёў», — сказаў ён.
Сідорскі таксама выказаў занепакоенасць тым, што большасць прамысловых прадпрыемстваў штомесяц зніжаюць аб’ёмы вытворчасці.
Ён нагадаў, што прэзідэнт даручыў міністру прамысловасці забяспечыць па выніках года тэмп росту прамысловай вытворчасці не менш як 80%. «Я не адчуваю, што нашы буйныя прадпрыемствы, гіганты прамысловасці, працуюць над тымі даручэннямі, якія даў прэзідэнт», — заявіў кіраўнік урада.