Пятрушка Шустрава, cn.cz

Пятрушка Шустрава, cn.cz

У 21‑гадовым узросце [у 1969 г.] Пятрушку Шустраву арыштавалі за распаўсюд улётак, сацыялістычных па змесце, супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі.

Яе абвінавацілі паводле артыкула «Здрада Радзіме». За кратамі дысідэнтка правяла два гады. Пасля чаго да яе было прымененае ўмоўна‑датэрміновае вызваленне.

Жанчына кажа, што найбольш цяжкімі для яе былі апошнія 16 дзён за кратамі. Яна ведала, што суд задасць пытанне, ці пакаялася яна ў сваім учынку? І што на гэта адказваць? Зрэшты, пытанне было сфармулявана па‑іншаму: ці думаеце вы, што яшчэ будзеце асуджаныя па гэтым артыкуле? З чыстым сумленнем Шустрава адказала: не, і, думаю, ніхто не будзе.

Турма не адбіла жаданне займацца грамадскай дзейнасцю.

«Калі б я спынілася, то фактычна прызнала б сваю нярацыю. Насамрэч мы не задумваліся, чаму застаемся ва ўсім гэтым. Аднойчы я запыталася пра гэта ў знаёмых хлопцаў. Яны адказалі, дзеля таго, каб падчас галення можна было спакойна глядзецца ў люстэрка», — кажа П.Шустрава.

Дысідэнтка мяркуе, што сітуацыя паміж той Чэхаславакіяй і сённяшняй Беларуссю ўсё ж адрозніваецца, хаця яшчэ два гады назад яна лічыла, што яны ідэнтычныя. «Мы кіраваліся словамі вядомага чэшскага філосафа Яна Патачкі: «Добра прамоўленае слова можа змяніць свет». Значэнне інфармацыі насамрэч вельмі вялікае. Вы ў крышачку лепшай сітуацыі. У нас адзінай зброяй былі друкаркі, а таксама некалькі замежных радыёстанцый. Пару гадоў назад у Мінску я бачыла, што моладзь, як у Еўропе, вольна карыстаецца інтэрнэтам. Наша сістэма была наскрозь ілжывая. Нават здавалася, што мы жывём у зусім іншай краіне, чым той, што паказваюць па тэлебачанні.

Любы рэжым імкнецца да таго, каб людзі цікавіліся сваім маленькім светам, і не цікавіліся большым. На мой погляд, трэба падтрымліваць любыя малыя групы людзей.

Не важна, ці гэта шахматны клуб, ці ініцыятыва па абароне парку. Рана ці позна такое стасаванне прывядзе да таго, што людзі пачнуць гукаць: «Мы хочам свабоды! Мы патрабуем пераменаў!», — гаворыць спадарыня Пятрушка.

«Праблема Беларусі — спадар Лукашэнка — не новая. Разам з тым, ён не можа заставацца назаўсёды і рана ці позна гэта зменіцца. Ужо цяпер людзі, якія хочуць у вашай краіне свабоды, павінны думаць, што будзе далей. Лукашэнку ж нічога не цікавіць, апроч таго, як застацца ва ўладзе. Я разумею, што ва ўладзе ў Беларусі шайка прыяцеляў, якія ўсё паміж сабой падзялілі. Вас яшчэ чакае той цудоўны момант, калі рэжым рухне, і вам будзе здавацца, што ўсе дзверы перад вамі будуць адчыненымі».

Пятрушка Шустрава скептычна ставіцца да сённяшняга заходняга грамадства.

Яна кажа, што ў Чэхіі і іншых краінах назіраецца «стомленасць дэмакратыі». «Еўропа адыходзіць ад хрысціянскай платформы, на якой будавалася раней. Цяпер праходзіць такі этап як абжырання. Вельмі мала дзяцей нараджаецца. — кажа Шустрава, а пасля дадае.

— Зрэшты, уся мая крытыка — гэта дробяза ў параўнанні з тым, што мы маем. Мы ўсё ж здабылі свабоду, пабудавалі дэмакратычнае грамадства».

Зміцер Панкавец, Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0