Прарасейская СДПГ сыходзіць у апазіцыю. Лёс палітычнае раскладкі вырашылі лібералы. Другім чалавекам ва ўрадзе стане гей.
Ангелу Меркель больш не звязваюць левыя партнёры.
Гвіда Вэстэрвэле стане першым геем на чале Германіі.
На выбарах у Нямеччыне, што прайшлі 27 верасня, паводле звестак экзіт-полаў, перамог блок Хрысціянска-дэмакратычны саюз / Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС). Паводле звестак нямецкай тэлевізіі, ён атрымаў 33,8 % галасоў, другое месца займае Сацыял-дэмакратычная партыя (СДПГ).
Прычым сацыял-дэмакраты атрымалі найгоршы вынік у сваёй паваеннай гісторыі: усяго 23 % галасоў.
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель абвясціла пра стварэнне кааліцыі ХДС/ХСС і Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП).
«Вы шчаслівыя, і я таксама. Мы дасягнулі свае мэты на выбарах і можам стварыць стабільны ўрад у новай кааліцыі ХДС/ХСС і СвДП», — заявіла Меркель.
ХДС/ХСС уяўляе сабой правацэнтрысцкую партыю народніцкага тыпу. ХСС — яе баварскае аддзяленне (Баварыя — своеасаблівы рэгіён краіны).
СвДП ёсць ліберальнай партыяй, якая адстойвае інтарэсы бізнэс-колаў.
Другім чалавекам ва ўрадзе стане гей — лідэр Свабодных дэмакратаў. Гвіда Вэстэрвэле зойме пасады віцэ-канцлера і міністра замежных справаў.У адрозненне ад хрысціянскіх дэмакратаў беларускіх, нямецкім такая сэксуальная арыентацыя саюзніка не замінае.
Выбар Вэстэрвэле паўплывае на стан розумаў у нашай частцы Еўропы, дзе да нямецкіх парадкаў традыцыйна ставяцца з увагай.
Вялікае значэнне для Беларусі будзе мець сыход сацыял-дэмакратаў з ураду. Гэтая партыя апошнім часам актыўна выступала за цяснейшыя адносіны з Расіяй, а ў дачыненні да Беларусі яна была больш схільная да тактыкі «міратворства».З шэрагаў СДПГ паходзіць, напрыклад, Ута Цапф.
У новым парламенце кааліцыя ХДС/ХСС і СвДП будзе валодаць упэўненай большасцю галасоў (332 з 598 месцаў). Можна чакаць, што новы ўрад Нямеччыны будзе дзейнічаць у цесным саюзе з ЗША на міжнароднай арэне. У адносінах да Беларусі ён будзе менш цярпімым да праяваў аўтарытарызму і саветызму, чым папярэдні.





