Сёньня берасьцейскія прадпрымальнікі, якія пачалі галадоўку 5 ліпеня, вырашылі правесьці вулічную акцыю. Плянуецца, што ўладальнікі маршрутных таксі, а таксама кіроўцы супольна са сваякамі зьвернуцца да мясцовай улады з патрабаваньнем абараніць іхныя інтарэсы як падаткаплацельшчыкаў.

На Радыё Свабода зьвярнулася ўдзельніца галадоўкі Любоў Разановіч:

Разановіч:«Паведаміце, што ад заўтрашняга дня я адмаўляюся ад вады –буду паміраць галоднай сьмерцю. Калі ласка, так і перадайце. Ім усім да лямпачкі: «Ага, тры тыдні галадуеце, паздыхаеце – і на гэтым будзе ўсё». Мне 80 мільёнаў плаціць! Я буду паміраць галоднай сьмерцю на вачох ува ўсіх».

Спадарыня Разановіч таксама паведаміла, што на сёньня ў галадоўцы прадпрымальнікаў у Берасьці ўдзельнічае 15 чалавек.

Берасьцейскія прадпрымальнікі патрабуюць адмены рашэньня падатковых органаў. Галадоўнікі адмаўляюцца выплачваць грашовы збор за ўвоз у Беларусь аўтамабіляў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны да 2004 году, калі быў падпісаны прэзыдэнцкі Ўказ пра спагнаньне вышэйзгаданага збору.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0