Амерыканскі навуковец усумніўся ў праўдзівасці гісторыі пра самагубства Гітлера. Доследы паказалі, што чэрап насамрэч жаночы.

Сківіца й фрагмент прадзіраўленага чэрапа, які прыпісваюць Гітлеру, захоўваюцца ў федэральным архіве Расіі. Навуковец Нік Белатоні вывучаў ДНК чэрапа і ў Расіі, і ў Канектыкуцкім універсітэце ды прыйшоў да высновы, што ён належаў жанчыне ў веку да 40 гадоў.

Меркаванне, што чэрап у такім разе мог належаць Еве Браўн, спадарожніцы Гітлера, ён таксама адпрэчвае — яна, як вядома, атруцілася цыяністым каліем.

Адкрыццё навукоўца ўжо лягло ў аснову фільма «Выратаванне Гітлера» на папулярным канале «History» й разляцелася па старонках газет.

Дагэтуль лічылася, што Гітлер і Ева Браўн скончылі жыццё самагубствам 30 красавіка 1945 года. Тады сама іх целы спалілі проста ля бункера, дзе яны хаваліся. 5 траўня парэшткі знайшлі савецкія службісты. Асістэнтка зубнога лекара Гітлера пацвердзіла падабенства зубных пратэзаў да Гітлеравых, але пасля вызвалення з савецкіх лагераў адмовілася ад сваіх слоў. У 1946-м парэшткі Гітлера і Евы Браўн закапалі на базе НКУС у Магдэбургу. У 1970-м, перад перадачай базы ГДР, парэшткі выкапалі, крэміравалі й попел выкінулі ў Эльбу. Усё, што засталося, — згаданыя сківіца й фрагмент чэрапа, дый той знайшлі асобна ад цела.

Зважаючы на гэткія абставіны, тэорыя змовы ніколі не траціла сваіх прыхільнікаў. Адны меркавалі, што Гітлер уцёк на сваім самалёце, іншыя — што на падлодцы, адны — што ў Афрыку, іншыя — што ў Аргентыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?