Патрыярх Маскоўскі зьдзівіў многіх сваімі выказваньнямі ў Беларусі. Піша Ян Максімюк у сваім блогу на радыё «Свабода».

Калі параўноўваць візыт Патрыярха Кірыла ў Беларусь з паездкамі папы ў Польшчу ці якую іншую краіну са значнай каталіцкай грамадой, дык адразу кідаецца ў вочы адна істотная розьніца. Куды б папа ні ехаў, праграма ягонага візыту пабудаваная так, што ніхто ня мае сумневу — папа прыяджае перш за ўсё да свае паствы, да вернікаў, і прыяжджае не з палітычным мэсыджам, а са словам Божым. А таму ўсе папскія паездкі перанасычаныя літургіямі і супольнымі маленьнямі ды сустрэчамі зь вернікамі, у якіх папа прапаведуе і тлумачыць слова Божае.

Канешне, Ян Павал ІІ, як ніякі іншы папа ў гісторыі, усьведамляў сабе сілу сучасных СМІ, а таму, пачынаючы зь ягонага пантыфікату, кожны замежны папскі візыт мае пышную мэдыяльную аправу і стаецца ня толькі рэлігійнай, але і сацыяльна‑палітычнай падзеяй. Аднак Ватыкан ніколі не дазваляе, каб сацыяльна‑палітычнае вымярэньне папскіх паездак узяло верх над рэлігійным. Папа — перш за ўсё зямны валадар душ мільёнаў і мільёнаў вернікаў, а не галава дзяржавы Ватыкан, то бок, палітык.

У гэтым кантэксьце цікава паглядзець, што ў Беларусі рабіў ды з кім сустракаўся Патрыярх Кірыл.

Першая рэч — у Менску Патрыярх Кірыл не правёў ніякага богаслужэньня.

Ды й калі на добры лад, дык і зь вернікамі па‑сапраўднаму не сустрэўся. А што рабіў?

Патрыярх наведаў некаторыя месцы пабудовы храмаў, менскую епархіяльную ўправу і сабор, сустрэўся з прэзыдэнтам у фармаце сам‑насам ды прыняў удзел у спатканьні «з грамадзкасьцю» і канцэрце ў Палацы рэспублікі. Ды яшчэ ўсклаў вянок ля помніка Перамогі. Чым не візыт сьвецкага палітыка?

Галоўны «мэсыдж» патрыярха Кірыла Беларусі, трэба думаць, быў агучаны падчас ягонага выступленьня ў Палацы рэспублікі.

Я думаю, з гэтай прамовы варта запамятаць некалькі рэчаў. Бо яны сьведчаць, што на чале РПЦ стаў калі не рэфарматар, дык чалавек, які хоча праявіць сябе значна больш актыўна і выразна, чым ягоныя папярэднікі.

Патрыярх Кірыл сказаў, што «важна, каб Царква не атаясамлівала сябе з уладай, сілай, магутнасцю.» Што‑колечы гэта ні значыла б, нельга тут ня ўбачыць папроку адміністратарам беларускага экзархату РПЦ, што яны глядзяць у рот толькі аднаму чалавеку.

Патрыярх Кірыл не прамінуў нагоды, каб якраз гэтага чалавека паставіць на ягонае месца. Патрыярх сказаў, што Беларусь ёсць «часткай праваслаўнай цывілізацыі, а ніякі не мост, не шлюз».
Так бы мовіць, памежная зона, якая толькі з гэтай прычыны ня мае ніякіх адмысловых правоў у праваслаўным мацерыку «Сьвятой Русі».
Гэта была не адзіная патрыяршая пстрычка ў нос беларускаму прэзыдэнту, які любіць паўтараць думку аб выключнай геапалітычнай ролі Беларусі ў Эўропе.
Адказваючы на пытаньне журналістаў, як ён ацэньвае высілкі А.Р. Лукашэнкі дзеля арганізацыі сустрэчы паміж маскоўскім патрыярхам і папам рымскім, мітрапаліт Кірыл сказаў, што нічога пра гэтыя высілкі ня ведае.

Калі ўзяць такую патрыяршую пазыцыю пад увагу, дык можна зразумець, чаму Аляксандар Лукашэнка, які гаварыў з патрыярхам Кірылам дзьве гадзіны перад канцэртам у Палацы рэспублікі, не ўганараваў сваёй прысутнасьцю ні выступу патрыярха, ні канцэрту ў ягоны гонар.

Патрыярх Кірыл несумненна зьдзівіў шматлікіх, калі сказаў, што «сымбалем пакутаў Беларусі зьяўляюцца ўрочышча Курапаты пад Менскам і вёска Хатынь».

Гэта была бадай ці ня першая афіцыйная нагода ў часе прэзыдэнцтва А. Лукашэнкі, калі з вуснаў такога высокага саноўніка царквы прагучала слова «Курапаты» ў кантэксьце нацыянальнага мэмарыялу.

Расставіўшы па‑свойму гэтыя важныя акцэнты (ды яшчэ працытаваўшы Максіма Багдановіча і Якуба Коласа — хто зь праваслаўных япіскапаў беларускага экзархату РПЦ здольны на гэтае?!!), у астатнім, як і трэба было чакаць, патрыярх Кірыл астаўся неадродным сынам маскоўскай гістарычнай традыцыі, якая ніколі не лічыла Беларусь нечым сапраўды асобным ад Расеі. Ён пабагаславіў пабудову «Саюзу Расеі і Беларусі» і станоўчую ролю Беларусі (якую, дарэчы, называў ня толькі «Белоруссіяй» і «Белай Русьсю», але і «Беларусьсю») у трохадзінстве «Сьвятой Русі».

Мяркуючы па тым, колькі людзей зьбіралася на сустрэчы зь ім і якім чынам гэта арганізавалася, новы расейскі патрыярх наўрад ці ўмацаваў праваслаўную веру ў Беларусі. Але затое ён паказаў сябе моцным палітыкам і валявым валадаром сваёй беларускай царкоўнай вотчыны.

* * *

Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак: «Маскоўскі валадар паглядзеў беларускую вотчыну»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?