wsj.com

wsj.com

Адмову адміністрацыі ЗША размяшчаць элементы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі заходняя прэса параўноўвае з Мюнхенскай змовай 1938 г. Піша Віталь Тарас.

У сувязі з гадавінай Пакта Молатава—Рыбентропа ў Расіі не аднойчы згадвалі Мюнхенскую змову. Маўляў, не толькі гітлераўскі Рэйх разам з СССР нясуць адказнасць за развязанне Другой сусветнай вайны, але і заходнія палітыкі сваёй змовай з Гітлерам падштурхнулі фашысцкую агрэсію. Цікава, што ў заходняй прэсе таксама з’явіліся параўнанні з Мюнхенам — у сувязі з адмовай адміністрацыі ЗША размяшчаць элементы Супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі.

Прэзідэнт Абама ў інтэрв'ю тэлеканалу Сі-Бі-Эс заявіў: «Мы прынялі рашэнне, якое лепей абароніць амерыканскі народ, а таксама нашы войскі ў Еўропе і нашых саюзнікаў. Калі пабочным прадуктам гэтага стала тое, што расейцы сталі адчуваць менш апасенняў і цяпер жадаюць працаваць з намі больш эфектыўна супраць пагрозаў кшталту іранскіх балістычных ракет ці атамных распрацовак у Іране — гэта плюс».

Калі высветлілася, што ў Іране пабудаваны ўжо другі завод па ўзбагачэнні ўрану, гэта выклікала замяшанне ў свеце. Але яшчэ большае замяшанне і трывогу выклікалі апошнія заявы Барака Абамы ў ААН.

Фактычна размова ідзе пра змены ў міжнароднай палітыцы не менш эпахальныя, чым тыя, што адбываліся напярэдадні Другой сусветнай вайны.

«Больш не магу!»

Нядаўняе пасяджэнне Рады бяспекі ААН яго ініцыятар — прэзідэнт ЗША — назваў «гістарычным». Сапраўды: пяць пастаянных сябраў Рады — ЗША, Расію, Велікабрытанію, Францыю і Кітай, а таксама дзевяць з дзесяці непастаянных сябраў прадстаўлялі асабіста кіраўнікі дзяржаў. У рэзалюцыі, прынятай кіраўнікамі чатырнаццаці дзяржаў, ўтрымліваецца заклік да ўсіх краін свету падпісаць Дамову аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў (а тым краінам, якія не ратыфікавалі яго — ЗША і КНР — устрымацца ад іх правядзення). Дакумент заклікае краіны, што падпісалі Дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі 1970 года, няўхільна выконваць яе, астатнім жа таксама далучыцца да яе як мага хутчэй. Заклік адрасаваны, між іншым, Індыі, Пакістану, Ізраілю і КНДР, якія дэ-факта маюць атамную зброю.

Рэзалюцыя была прынятая адзінагалосна, а пасля кожнаму ўдзельніку галасавання было дадзена пяць хвілін для абгрунтавання сваёй пазіцыі. Назіраць за гэтым у жывой тэлетрансляцыі было досыць сумна, амаль усе кіраўнікі прыкладна аднымі і тымі словамі ўхвалялі рэзалюцыю.

Толькі Нікаля Сарказі ва ўласцівай яму экспансіўнай манеры запытаўся: без’ядзерная будучыня — гэта цудоўна. Але што рэальна трэба зрабіць ужо цяпер, каб не дапусціць стварэння ядзернай зброі ў Іране? І што азначаюць пагрозы яго кіраўніцтва змесці з твару зямлі Ізраіль? Як гэта разумець?! (Падумалася — эх, калі б з такім імпэтам Сарказі летась адстойваў суверэнітэт і права на бяспеку Грузіі падчас сваіх сустрэч з Мядзведзевым і ў ААН.)

На згаданым пасяджэнні, дарэчы, адсутнічаў адзін з лідэраў дзяржаў-сябраў Рады бяспекі — Муамар Кадафі. Відаць, стаміўся падчас выступлення перад Генасамблеяй ААН, якое цягнулася амаль дзве гадзіны, пры рэгламенце 15 хвілін. Адзін з яго перакладчыкаў на пяцідзесятай хвіліне не вытрымыў прамовы лідэра і ўсклікнуў па-арабску: «Я больш не магу!»

Місія невыканальная?

Не толькі Кадафі — дыктатары рознага калібру з розных іншых краін адчулі агульную перамену атмасферы, якая дазволяе ім паводзіць сябе больш упэўнена і развязна. Напярэдадні Абама ў сваім выступленні перад Генасамблеяй скрытыкаваў палітыку свайго папярэдніка — за тое, што Амерыка ў некаторых выпадках «дзейнічала ў аднабаковым парадку, не ўлічваючы інтарэсаў іншых». І дадаў: «Тыя, хто лаяў Амерыку за тое, што яна дзейнічала адзінаасобна, не могуць цяпер стаяць убаку і чакаць, што Амерыка адзінаасобна адолее сусветныя праблемы». Інакш кажучы,

Абама даў зразумець краінам, дзе сёння існуюць рэакцыйныя рэжымы, альбо тым, дзе пад пагрозай апынуліся нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць: усе праблемы цяпер вырашайце самі.
Калі сказаць прасцей — «місія невыканальная».

Місія, якую Амерыка добраахвотна ўзяла на сябе больш за 200 гадоў таму — быць лідэрам прагрэсу і дэмакратыі ва ўсім свеце, больш ёй не пад сілу. Прынамсі, так зразумелі пасланне Абамы лідэры аўтарытарных рэжымаў ва ўсім свеце.

Яго прамова, напрыклад, прыйшлася даспадобы лідэру кубінскай рэвалюцыі Фідэлю Кастра. А Уга Чавес нават заявіў, што больш не адчувае ў ААН «паху серы» (так ён казаў пра выступ там Джорджа Буша-малодшага), але адчувае «пах надзеі». Калі так, дык пах гэты даволі своеасаблівы...

Прамова Абамы ўзрадавала палестынскую дэлегацыю. Заявіўшы з трыбуны, што прыйшоў час міру на Блізкім Усходзе «без папярэдніх умоваў», прэзідэнт ЗША папярэдзіў: «Амерыка не прызнае законнасць працягу ізраільскіх пасяленняў» (на тэрыторыі Заходняга Берагу Ярдана — ВТ).

Многія ізраільцяне ў гэты момант, напэўна, узгадалі агаворку Абамы, якая стала ўжо класікай: «Самы верны сябра Ізраіля — Ізраіль».

Хоць Абама і выказаў трывогу ў сувязі з узвядзеннем у Іране новага ядзернага цэнтра, ён ніяк не пракаментаваў нападкі іранскага прэзідэнта Ахмадзінежада на стратэгічнага саюзніка ЗША на Блізкім Усходзе і абяцанні змесці Ізраіль з твару зямлі. На чарговую заяву іранскага прэзідэнта, што Халакост прыдумалі заходнія палітыкі, адказаў з трыбуны ААН ізраільскі прэмьер Нетаньяху. Яму давялося дэманстраваць удзельнікам генасамаблеі план нямецкага лагера смерці «Асвенцым» і пратакол канферэнцыі нацысцкага кіраўніцтва ў Ванзее ў студзені 1942 года, на якой было прынята «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання».

Але выступу Нетаньяху іранская дэлегацыя не пачула — яе проста не было ў зале.

Замірэнне ці здрада?

Прэзідэнт Расіі Мядзведзеў назваў выступленне амерыканскага калегі ў ААН «карысным». Як тут не ўзгадаць славуты выраз Леніна пра «карысных ідыётаў» на Захадзе. Саступкі Расіі — пакуль толькі на словах, дый тое ўхілістыя — у пытанні магчымых санкцый супраць Ірана можна лічыць адказам на адмову ЗША размяшчаць элементы СРА ў Еўропе. Пра гэта сведчыць выказванне Абамы, прыведзенае на пачатку артыкула. Магчыма, маюць рацыю эксперты, якія лічаць, што рашэнне Вашынгтона прынята не пад ціскам Масквы, а проста з прычын эканоміі ва ўмовах крызісу. І што стратэгічна бяспека ЗША і Еўропы ад гэтага нічога не губляе.

Але гэты аргумент можна прыняць, калі не ўлічваць той маральны эфект, які мела рашэнне Белага Дома для верных саюзнікаў ЗША ў Еўропе — Польшчы і Чэхіі. І не толькі само рашэнне, але манера, у якой пра яго было паведамлена. Абама патэлефанаваў Туску глыбока ўночы — відаць, прэзідэнт ЗША не ўлічыў розніцу ў часе з Еўропай. Польскія медыі назвалі такі стыль мавэтонам. Прэзідэнт Польшчы Качыньскі, кажуць, увогуле адмовіўся адказваць на званок з-за акіяна.

А былы прэм'ер Чэхіі Тапаланэк назваў дзеянні Вашынгтона здрадай.

Нават прыхільнік рашэння Абамы адносна супрацьракетнай абароны Збігнеў Бжэзінскі — былы дарадца па нацыянальнай бяспецы ў адміністрацыі прэзідэнта Картэра, вядомы ва ўсім свеце палітолаг, прызнаў, што ЗША паведамілі пра сваё рашэнне не найлепшым чынам. У інтэрвью інтэрнэт-выданню The Daily Beast Бжэзінскі, у прыватнасці, сказаў: «У 1939 годзе палякі працягвалі змагацца з немцамі, калі 17 верасня расейцы нанеслі ім удар у спіну. Для палякаў гэта нешта, пра што балюча ўспамінаць. І паколькі яны няправільна зразумелі — я падкрэсліваю, гэта «няправільнае разуменне» — што супрацьракетны шчыт неяк умацуе іх стасункі з ЗША, калі гаворка тычыцца Расеі, гэта адразу навяло на думку аб здрадзе. Гэта няслушная выснова. Але ў палітыцы нават няслушныя высновы трэба прадбачыць».

Вядомы палітычны каментатар з Вашынгтона Ніл Гардзінер на старонках брытанскай «Дэйлі Тэлеграф» параўнаў Барака Абаму з прэм'ер-міністрам Велікабрытаніі Нэвілам Чэмберленам. У гісторыю ён увайшоў тым, што ў 1938 годзе вярнуўся пасля перамоваў з Гітлерам у Мюнхене са словамі: «Я прывёз вам мір».

«Выступ Абамы, — лічыць Гардзінер, — выглядаў так, як быццам узнік прывід Нэвіла Чэмберлена і стаў казаць, што абвяшчэнне ім міру ніякім чынам не звязана з агрэсіяй і запалохваннем з боку нацысцкай Германіі. Не важна, наколькі актыўна адміністрацыя Абамы спрабуе завуаляаваць ганебную здраду саюзнікам Амерыкі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэта было замірэнне ў гіганцкіх маштабах, сведкамі такіх мы не былі з канца 30-х».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?