Па зьвестках, якімі валодае Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі, 30 ліпеня тэлевізія Беларусі ў перадачы «В центре внимания» прадэманстравала сюжэт, у якім нібыта бачны латвійскі дыплямат. У дадзеным сюжэце латвійскі дыплямат абвінавачваецца ў супрацьзаконных дзеяньнях. Камэнтуючы дадзены факт, Міністэрства замежных спраў лічыць гэта чарговай правакацыяй супраць Латвійскай дзяржавы і яе дыплямата, і такім чынам былі груба парушаныя нормы і звычаі дыпляматычнага права. :

  • Беларускі бок да гэтага часу не адказаў на латвійскую ноту пратэсту, у якой патрабавалася афіцыйнае тлумачэньне па факце грубага парушэньня Венскай канвэнцыі, калі 25 ліпеня было зьдзейсьненае ўварваньне прадстаўнікоў беларускіх спэцслужбаў і праведзены ператрус на кватэры латвійскага дыплямата ў Менску.
  • У выпадку, калі ў беларускага боку былі падставы лічыць, што латвійскі дыплямат рабіў якія-кольвек супрацьпраўныя дзеяньні, то існуе агульнапрынятая працэдура міжнароднага права па вырашэньні падобных пытаньняў. Гэта не было зроблена.
  • Апроч таго між Латвіяй і Беларусьсю падпісаная двухбаковая дамова пра аказаньне прававой дапамогі. Не выкарыстоўваюцца таксама магчымасьці, якія даюцца дадзенай дамовай. У выпадку, калі ў распараджэньне Міністэрства замежных спраў Латвіі паступіць афіцыйная інфармацыя з праваахоўчых органаў Беларусі, якая даказвае процізаконнасьць дзеяньняў канкрэтнай асобы, яна адразу ж будзе перададзеная праваахоўчым органам Латвійскай Рэспублікі.
  • Пасол Беларусі ў Латвіі, які 20 ліпеня ўручыў даверчыя граматы, пакінуў краіну сваёй акрэдытацыі, не паведаміўшы пра гэта Міністэрству замежных спраў Латвіі, што таксама зьяўляецца ігнараваньнем практыкі, прынятай у дыпляматыі.

Вышэйпазначанае ўмацоўвае ўпэўненасьць Міністэрства замежных спраў у тым, што дзеяньні беларускага боку зьяўляюцца адкрытай правакацыяй. Такія крокі пакідаюць на двухбаковых адносінах між краінамі нэгатыўны асадак і ніколі не застаюцца без адказу

Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0