Рэдактарка беларускага хрысціянскага парталу «Царква» — пра значэнне жэстаў Патрыярха Маскоўскага ў часе візіту ў Беларусь.

«Наша Ніва»: Як праваслаўныя нашай краіны ацэньваюць першы візіт Патрыярха ў Беларусь?

Наталля Васілевіч: Паказальна ўжо тое, што ў час мінулага візіту Патрыярха Алексія ІІ залу Палацу рэспублікі запоўніць так і не ўдалося. Цяпер жа вольнага месца не было. Новы Патрыярх! І не проста новы, а мае вобраз рэфарматара.

«НН»: Многіх уразілі цытаты з класікаў беларускай культуры — Коласа, Багдановіча, Быкава — з вуснаў Патрыярха.

НВ: Цытаванне класікаў Беларусі было неабходнае, каб стварыць уражанне абазнанасці патрыярха, прызнання ім факту існавання ўласна беларускай культуры. Перад гэтым ён заявіў, што Беларусь ніякі не шлюз паміж Захадам і Ўсходам. Хоць той жа Колас вельмі дакладна апісаў гэты падзел, звінаваціўшы царкву і касцёл у мэтанакіраваным стварэнні гэтай прорвы. Не абышлося, праўда, без памылкі: Скарыну назваў СкОрынай.

«НН»: Нечаканай была і згадка пра Курапаты…

НВ: У пытаннях сталінскіх рэпрэсій, ганенняў на царкву за Хрушчовым патрыярх вельмі прынцыповы. Ён не мог не ведаць стаўленне ўладаў Беларусі да Курапатаў і тым не менш згадаў пра іх. Тут важна адзначыць, дзе прагучалі гэтыя словы. Мы звыклі да таго, што Лукашэнка на Вялікдзень, ці Раство прыязджае ў Кафедральны сабор і прамаўляе з месца епіскапа. Часам ён кажа рэчы зусім непрымальныя для царквы. Кірыл казаў пра Курапаты з трыбуны ў Палацы рэспублікі, адкуль да беларускага народу звяртаецца Лукашэнка. І гэта такі своеасаблівы рэванш за словы з месца епіскапа.

Гутарыў Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0