О, родны кут, які ты дзіўны! Ня ведаю ніводнай краіны, дзе навіны аматарскага спорту былі ў топе праўрадавых СМІ ды яшчэ ў пік перадвыбарчай кампаніі. Для прыкладу: паралельна таму, як у Менску хакейныя аматары піналі шайбу, у Омску аматары экстрэмальнага бегу беглі пры мінус 25. Аднак чамусьці ніводзін маскоўскі таблёід ня выйшаў пад шапкай «Дадзім краіне экстрыму!». Пуцін таксама не перафразаваў нашага ў звароце да суайчыньнікаў — «прыклад маратонцаў-экстрэмалаў варта прымерыць на сябе шматлікім расейцам».

А колькі ў калядным турніры хакеістаў глябальнага сымбалізму. Калі ўявіць, што нашы прайгралі той кубак, і прачытаць перадавіцу ў «СБ» ставячы перад дзеясловамі адмоўныя прыназоўнікі, то краіна здаецца амаль асуджанай: «Мы не паказалі нашым спартсмэнам, як трэба змагацца і перамагаць. Таму ім будзе ня сорамна, калі яны не падзеляцца з намі цудоўнымі рэзультатамі (заўв.: у Турыне)…»

Ці мае хоць яшчэ адзін аматарскі турнір ці від спорту такую грамадзкую вагу? Было б весела пабачыць на першай старонцы «СБ» артыкул «На пляжы Феадосіі беларускія аматары валейболу, зьеўшы кавун і раздавіўшы дзьве масандры, выйгралі ва ўкраінскіх калегаў, вызначыўшы такім чынам арыенціры новай пяцігодкі».

Як бачым, мы маем справу хутчэй зь нейкім рытуалам, чым з сапраўдным спартовым мерапрыемствам. Думка аддаць кубак іншаземцам гучыць проста па-ідыёцку. «Да, скажуць у народзе, ня той бацька ўжо, здае». Тое ж скажуць, калі майку нумар адзін усьцягне іншы. Як бачым, у турніру інтрыгавальная будучыня.

Адзіным выхадам з гэтага кола было б абраньне ў сакавіку Мілінкевіча, які, як фанат баскетболу, у духу новай каньюнктуры турнір бы прыкрыў. Сапраўды сьмешна гучаў бы у 2007-м камэнтар з спаборніцтва: «Шайба ў Мілінкевіча, ён праходзіць па флянгу, жорстка бартуе праціўніка, б’е судзьдзю клюшкай і адпраўляецца на лаву штрафнікоў».

Пакуль жа на месцы ўладаў можна было б зрабіць кампутарны сымулятар «Калядны турнір па хакеі на прызы прэзыдэнта» і арганізаваць прымусовую дыстрыбуцыю гулькі, у якой перамагаюць выключна беларусы. Гульня дапаможа нацыі залізваць раны, калі, напрыклад, у Турыне паўторыцца атэнскі аблом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0