Як паведамляе прэс‑служба Міністэрства замежных спраў Літвы, інфармацыйная сістэма папярэдняй консульскай рэгістрацыі ўстаноўленая ў літоўскіх дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтвах у Беларусі, Грузіі, Расіі, Украіне.

У гэтых краінах выдаецца найбольшая колькасць літоўскіх віз, адзначаецца ў паведамленні.

Інфармацыйная сістэма папярэдняй консульскай рэгістрацыі дазваляе больш хутка выконваць сваю працу супрацоўнікам консульскіх устаноў. «Для апрацоўкі заяўкі, запоўненай у электронным выглядзе, патрабуецца ўсяго некалькі секунд. Кожнай заяўцы, запоўненай электронным шляхам, сістэма прысвойвае асобны двухмерны штрыхкод. Пры чытанні гэтага кода звесткі аўтаматычна перадаюцца ў агульную сістэму кіравання дадзенымі консульскай службы. Супрацоўнікам больш не патрабуецца ўводзіць звесткі ў сістэму, таму з’явілася магчымасць атрымаць большую колькасць заявак на атрыманне візы і хутчэй іх апрацаваць», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле звестак прэс‑службы, пасольства Літвы ў Мінску за дзень прымае ў сярэднім 300—350 заявак на атрыманне візы. Новая інфармацыйная сістэма дазволіць павялічыць колькасць заявак да 400—450.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0