У апублікаванай на сайце nn.by 28 верасня інфармацыі зблытана ўсё, што толькі можна было пераблытаць.

Нагадаю, у паведамленні, гутарка ідзе аб тым, як «дэмакратычна абраны» Андрэй Казакевіч не быў зацверджаны кіраўніцтвам ЕГУ на пасаду дырэктара дэпартамента, а замест яго прызначылі чалавека новага і неспрактыкаванага.

Заўважу, найперш, што мова наогул не ідзе аб пазіцыі дырэктара дэпартамента. Такім з’яўляюся я — Навумава Святлана Андрэеўна, і, наколькі я разумею, гэты факт не аспрэчваецца ў тым ліку і маімі калегамі, што пратэстуюць.

Андрэй Казакевіч ніколі не абіраўся дырэктарам дэпартамента.

На працягу апошніх гадоў ён сапраўды кіраваў бакалаўрскай праграмай па паліталогіі. Увесну гэтага года Андрэй абараніў дысертацыю і, нягледзячы на ўсе мае просьбы, вырашыў пакінуць гэтую пасаду. Сярод іншых аргументаў быў і той, што яго цяперашні статус доктара паліталогіі не адпавядае такой пазіцыі. Думаю, яго можна зразумець. Размова ішла аб сярэдняй адміністрацыйнай пасадзе, якая не з’яўляецца выбарнай, а ў маладога даследчыка могуць быць свае амбіцыі і планы.

Я публічна падзякавала Андрэю Казакевічу за праведзеную працу і прадставіла новую кандыдатуру кіраўніка бакалаўрскай праграмы, што, відаць, не задаволіла частку выкладчыкаў.

Яны бачылі на гэтай пасадзе іншага «пераемніка». Што ж, так бывае. Новыя прызначэнні нам падабаюцца не заўсёды. Аднак, калі працэдура выкананая, а правілы не парушаныя — даводзіцца падпарадкоўвацца. У гэтай канфліктнай сітуацыі я прапанавала калегам ініцыяваць абмеркаванне пытання ў Сенаце універсітэта, куды ад дэпартамента абраныя 2 чалавекі. Аднак, яны вырашылі «ляснуць дзьвярыма».

І напрыканцы аб галоўным. У навіне паведамляецца, што свой пратэст выказалі «беларускамоўныя» выкладчыкі.

Складаецца ўражанне, што тым самым беларуская мова выкараняецца з аўдыторый ЕГУ. Хачу запэўніць чытачоў паважанай газеты: кіраўніцтва ўніверсітэта не дзеліць выкладчыкаў на «рускамоўных» і «беларускамоўных». У прынцыпе выкладчыкі падзяляюцца на добрых і дрэнных, разумных і не вельмі.

Размахваць сцягам «беларускасцi» там, дзе гутарка павінна ісці аб прафесіяналізме — проста несумленна.

Святлана Навумава, дырэктар дэпартамента палітычных навук ЕГУ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0