Праваахоўныя органы некалькі месяцаў ганяліся за ўзломшчыкам сайту найбуйнейшага інтэрнэт-аўкцыёну eBay. Сьляды злачынцы, пакінутыя ім у інтэрнэце, прывялі ў абласны цэнтар Беларусі — Берасьце.

Нагадаем, як усё пачалося. 22 сакавіка экспэрты амэрыканскай кампаніі Sunbelt Software, якая спэцыялізуецца на ІТ-бясьпецы, выявілі сайт ebayseller.cc, зроблены для продажу акаўнтаў (рахункаў) прадаўцоў і пакупнікоў аўкцыёну. Потым тыя, хто купіў чужыя паролі і лаґіны, маглі атрымліваць грошы за выдуманы тавар і рабіць іншыя махінацыі. Хакер стараўся ўзломліваць і прапаноўваць актыўныя, але рэдка наведвальныя акаўнты, прычым уліковыя запісы з большай колькасьцю водгукаў цаніліся даражэй: да 25 даляраў за адзінку. Ніжняя плянка цаны складала 5 даляраў. Адрас электроннай пошты ўдзельніка eBay прапаноўваўся як “бясплатны дадатак”. Кіраўніцтва кампаніі дамаглося закрыцьця сайту. Пра колькасьць пацярпелых і суму стратаў міжнародны аўкцыён пакуль не паведамляе.

Опэрупаўнаважаны аддзелу па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій Берасьцейскага УУС Віталь Сакалоў патлумачыў у інтэрвію каналу АНТ: “Для маскіроўкі сваіх сьлядоў у сеціве Інтэрнэт, кампутарны злодзей як правіла выкарыстоўвае найноўшыя праграмныя і апаратныя сродкі. Але, тым ня менш, у нашым аддзеле працуюць спэцыялісты, якія рэгулярна вывучаюць навінкі інфармацыйных тэхналёгій, увесь час удасканальваюцца”.

На думку спэцыялістаў міліцыі, берасьцейскі хакер мог бы застацца незаўважаным правахоўчымі органамі Беларусі толькі ў выпадку, калі б яму ўдалося набыць дарагое абсталяваньне і авалодаць больш глыбокімі ведамі ІТ-тэхналёгій. Вопыт берасьцейца як карыстальніка ПК, складаў толькі тры гады. У выніку банальна не хапіла досьведу кансьпірацыі.

У 2006 годзе гэта ўжо 14-е злачынства ў сфэры высокіх тэхналёгій у Берасьцейскай вобласьці.

BYBANNER.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0