26 верасня ў гатэлі «Crowne Plaza» праваабарончы праект «Гей Беларусь» пад патранажам Камітэта міжнароднага дня супрацьдзеяння гамафобіі зладзілі канферэнцыю «ЛГБТ рух і няўрадавыя арганізацыі. Перспектывы супрацоўніцтва з НДА‑сектарам і актыўнай супольнасцю для пераадолення гамафобіі».

На канферэнцыю сабралася больш за сто чалавек. Акрамя арганізатараў і ўдзельнікаў ЛГБТ‑руху, што аб’ядноўвае лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і траснгендэрных людзей, былі прадстаўнікі незарэгістравага праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага Хельсінкскага камітэта, Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай асацыяцыі журналістаў, Грамадскага аб’яднання «Экадом», Маладыя сацыял‑дэмакраты — Маладая Грамада.

Кіраўнік праекта gaybelarus.by Сяргей Андросенка зазначыў: «Тут сабраліся не толькі геі і лесбіянкі — гэта вельмі значна для гэтай канферэнцыі. Гэтых людзей аб’ядноўвае разуменне,

што дыскрымінацыя гэта шкодна. У тым ліку і дыскрымінацыя на падставе сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці.

Большасць тэмаў канферэнцыі датычацца пабудовы супрацоўніцтва з актыўнай грамадзянскай супольнасцю і сектарам НДА для пераадолення гамафобіі сёння. Мы хочам мець усю паўнату правоў, каб ведаць што нашыя адносіны абароненыя».

Падчас канферэнцыі была прынята Мінская рэзалюцыя аб правах геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгедэрных людзей. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады да барацьбы супраць гамафобіі і прызнання правоў ЛГБТ.

Удзельнікі канферэнцыі заклікалі кіраўніцтва краіны ўнесці ў пералік забароненых заканадаўствам асноваў дыскрымінацыі паняткі сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, унесці ў крымінальнае заканадаўства папраўкі, якія тычаць забароны ўзбуджэння нянавісці і варожасці па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, а таксама ўраўнаважыць у правах аднаполыя і разнаполыя шлюбы

У рэзалюцыі размешчаны заклік да беларускіх уладаў прызнаць 17 траўня Днём супрацьстаяння гамафобіі, садзейнічаць правядзенню публічных ЛГБТ‑мерапрыемстваў.

Таксама прызнаць права арганізацый геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендэрых людзей на рэгістрацыю і спыніць блакаваць доступ да міжнародных ЛГБТ інтэрнэт‑рэсурсаў.

Настасся Шамрэй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0