Старшыня Федэрацыі хакея Уладзімір Навумаў і галоўны трэнер мінскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Беларусі Глен Хэнлан арганізуюць 17 кастрычніка ў Мінску дабрачынны пешы паход.

Яны пройдуць 30 км па новай веласіпеднай трасе, пракладзенай уздоўж Свіслачы, паведамляе прэс‑служба ФХРБ. Асноўная мэта акцыі — дапамога ў зборы сродкаў на дарагую аперацыю для двухгадовага сляпога хлопчыка Вані Цэдрыка.

Паход адбудзецца ў рамках дабрачыннага праекта дынамаўскага клуба «Сонца ў кожны дом».

Акцыя пачнецца а 9.00 у месцы скрыжавання МКАД з ракой Свіслач каля вадасховішча Дразды.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя. Перад стартам кожны зможа набыць фірменныя майкі «Дынама», прадаваць якія будуць бацькі хлопчыка. Мінімальная цана майкі — 50 тыс., максімальная — не абмежаваная.

Усе сабраныя ад продажу грошы пойдуць на аплату аперацыі.

Навумаў і Хэнлан стануць першымі пакупнікамі маек.

Былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў вядомы сваім хобі хадзіць пешкі на вялікія адлегласці. У 2007 годзе ён стаў ініцыятарам паходу на 80 км уздоўж азёр Нарач і Мястра. Тады ўдзел у ім узялі калегі і падначаленыя Навумава па МУС, а таксама галоўны трэнер беларускай зборнай Курт Фрэйзер. Вясной 2008 года быў арганізаваны другі паход — на 100 км у той жа мясцовасці. Пасля гэтага Навумаў заявіў, што плануе прайсці пешкі за пяць дзён ад Брэста да Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?