Хлопчык 1997 года нараджэння, вучань 6‑га класа, загінуў у ДТЗ у Мінску,
паведамілі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
ДТЗ адбылося 1 кастрычніка каля 19.00. Вадзіцель 1983 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем «БМВ», рухаўся па вуліцы Старавіленскай з боку вуліцы Арлоўскай у напрамку вуліцы Харужай.
На скрыжаванні з вуліцай Асіпенкі ён учыніў наезд на дзіця, якое пераходзіла вуліцу па рэгуляваным пешаходным пераходзе на зялёнае святло святлафора.
Малалетні пешаход атрымаў цялесныя пашкоджанні і памёр на месцы.
Вадзіцель з месца здарэння з’ехаў, але быў затрыманы.
Ім аказаўся студэнт‑завочнік 5‑га курса адной са сталічных ВНУ.
Як высветлілася, 10 ліпеня ён быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. У момант учынення ДТЗ вадзіцель быў цвярозы.
Яшчэ адзін наезд на пешахода са смяротным зыходам быў учынены 1 кастрычніка ў 15.00 каля дыспетчарскай станцыі «Малінаўка‑4».
Тралейбус заднім ходам наехаў на мужчыну 1950 года нараджэння.
Паводле інфармацыі ДАІ, 1 кастрычніка ў Мінску было зарэгістравана 117 дарожна‑транспартных здарэнняў, з іх тры ДТЗ з пацярпелымі. Раненні атрымаў адзін чалавек, загінулі двое.