«Я хачу так зрабіць, каб сказалі, што за Лукашэнкам Беларусь стала еўрапейскай краінай», — заявіў 2 кастрычніка на прэс‑канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка.

«У мяне і ва ўрада склалася думка, што мы можам жыць не горш, чым у Еўропе. Мы не горш за іх, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта разумее народ. Калі ў нас нешта атрымліваецца, мы ўсё робім з падвойнай сілай».

На думку Лукашэнкі, дзеля гэтага неабходна «ісці разам з калегамі наперад, людзі павінны гэта бачыць, мы пастаянна павінны думаць зрабіць лепей, чым у Еўропе, чым у свеце».

Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ідэалогія краіны — моцная і квітнеючая Беларусь.

«І мы будуем яе на тым жа ўзроўні, як перадавыя еўрапейскія краіны, — сказаў Лукашэнка. — Гэта трэба рабіць, хоць гэта і цяжка».

* * *

Лукашэнка перад расійскімі журналістамі віляў у адказ на пытанне, чаму Беларусь не прызнала незалежнасці занятых расійскімі войскамі рэгіёнаў Грузіі.
Расія сама вінавата ў тым, што Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі «цудоўныя адносіны» з гэтымі рэспублікамі. «Я ўжо шмат разоў пра гэта казаў, што ў Абхазіі я — добры чалавек вельмі для іх. Дагэтуль добрыя адносіны складваліся з Абхазіяй. З Паўднёвай Асеціяй у нас кантактаў было вельмі мала, але, калі гэта няшчасце адбылося, я паслаў туды групу людзей з гуманітарнай дапамогай, дэпутаты нашы туды ездзілі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі паўстала пытанне аб прызнанні дзвюх рэспублік, ён хацеў вывучыць, якая сітуацыя і што там адбылося. «Мы адназначна занялі пазіцыю Расійскай Федэрацыі, падтрымаўшы на ўсіх узроўнях. Але прызнанне ж — сур’ёзны акт. Усе рэспублікі СНД катэгарычна адмовіліся прызнаваць, — сказаў Лукашэнка. — Па вялікім рахунку, мы даўно павінны былі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію — не мае значэння, што там адбылося, — тым самым падтрымаўшы нашага саюзніка. На жаль, сам саюзнік вінаваты ў тым, што мы дагэтуль не вырашылі гэтае пытанне».

Як зазначыў Лукашэнка, ЕС і ЗША былі праінфармаваныя аб тым, што Беларусь будзе «ісці да прызнання гэтых рэспублік».

«Але камусьці ў Расіі вельмі хацелася або нас «нахіліць» хутчэй, або, можа, наогул не хацелася, каб мы прызнавалі гэтыя рэспублікі, — заявіў ён.

— Пачалі нас цэнтральныя СМІ, яўна падкантрольныя дзяржаўным чыноўнікам, проста травіць, што не прызнае, таму што 500 млн. даляраў не далі. Нібыта я за грошы павінен прызнаваць гэтыя рэспублікі. Ну і пайшла гэтая хваля ў той момант, калі мы павінны былі прызнаць. Гэта прызналі вашы кіраўнікі. Таму я сказаў: «Стоп, хлопцы, у гэтай сітуацыі так не будзе». Я пра гэта нядаўна сказаў аднаму і другому (Дзмітрыю Мядзведзеву і Уладзіміру Пуціну): «Хлопцы, вы самі стварылі такую сітуацыю, таму цярпіце». Гэта вельмі балючае пытанне, але, думаю, разбяромся».

* * *

Лукашэнка раскрытыкаваў будаўніцтва Расіяй газаправода Nord Strеam.
«Не падабаюцца маршруты па Беларусі па пастаўках нафты і газу. Убухалі туды да 25 млрд. даляраў — будуюць Nord Strеam», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што пры будаўніцтве газаправода «Ямал — Еўропа» «праклалі інфраструктуру ад падмурка да электразабеспячэння, сувязі і гэтак далей пад іншую трубу». «Кладзіце. Навошта вы лезеце ў Прыбалтыку? …Не, хочам быць незалежнымі. Ад каго? Ад сваіх людзей, ад сваёй краіны. Якая ж тады саюзная дзяржава? І чым вінаваты Лукашэнка, калі развальваецца cаюзная дзяржава, калі мы разбураем эканамічныя асновы нашага адзінства», — заявіў прэзідэнт.

* * *

Апошнія беларуска‑расійскія ваенныя вучэнні паказалі, з кім Беларусь, заявіў Лукашэнка.

Калі б Беларусь «разышлася» з Расіяй у такой «самай адчувальнай» сферы, як ваеннае супрацоўніцтва, «то мы б гэтыя вучэнні ў такім плане не правялі», падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вучэнні, мяркуе ён, сведчаць пра тое, «што мы сапраўды адзіная дзяржава, калі ў гэтым адчувальным пытанні фактычна дзейнічаем як адна дзяржава».

Паводле слоў Лукашэнкі, яшчэ «з ельцынскіх часоў» прэзідэнты Беларусі і Расіі «раз пяць» падыходзілі да правядзення сумесных вучэнняў. «Але прэзідэнты Расіі з нейкімі дрыжыкамі ўспрымалі гэтыя пытанні і прапановы», — дадаў ён. Зараз кіраўнік расійскай дзяржавы прыехаў на вучэнні і «быў захоплены тым, што ўбачыў», сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, вучэнні мелі «маштабны» характар і ахапілі «вялізны рэгіён»: акваторыю Балтыйскага мора, рэгіянальную групоўку саюзнай дзяржавы, аснову якой складае беларуская армія, а таксама расійскія воінскія фарміраванні на захадзе Расіі і ракетны палігон у Ашулуку (Астраханская вобласць), дзе праводзіліся пускі ракет войскаў СПА.

* * *

«Я — заўзяты праціўнік ільгот», — заявіў кіраўнік дзяржавы 2 кастрычніка на прэс‑канферэнцыі для расійскіх журналістаў у Мінску. Пра гэта, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён адкрыта заяўляў выбаршчыкам падчас прэзідэнцкіх кампаній.

З другога боку, адзначыў кіраўнік дзяржавы, ён падтрымлівае льготы для ветэранаў вайны: «Мы іх падтрымліваем, грошы даем, каб было што выпіць і закусіць».

Паводле слоў Лукашэнкі, ільготы маюць і «чарнобыльцы». «Пасля катастрофы ў нас «чарнобыльцамі» стала ледзь не палова насельніцтва, і ўсім павыпісвалі пасведчанні. Таму мы ўсё гэта ўпарадкавалі. Была маса выплат па 3, 10, 15 долараў, — адзначыў прэзідэнт. — Але ёсць жа сапраўдныя пацярпелыя, іх тысячы. Мы спынілі гэтыя дробныя выплаты, неабгрунтаваныя льготы».

На гэтыя грошы, паведаміў прэзідэнт, пабудаваны навукова‑практычны рэабілітацыйны цэнтр у Гомелі. «Гэты цэнтр збірае тэарэтыкаў і практыкаў, там праходзяць лячэнне і расіяне, і ўкраінцы. Яны гатовы плаціць за гэта любыя грошы. Акрамя гэтага, на зэканомленыя сродкі былі пабудаваны дарогі і газіфікавана ўся чарнобыльская зона», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, 700 млрд. рублёў было накіравана ў чарнобыльскі рэгіён. У выніку ўпарадкавання льгот вызвалілася 160 млрд. рублёў. «Мы не пазбавілі людзей гэтых выплат, мы іх сканцэнтравалі, і нам удалося газіфікаваць рэгіён і даць людзям цяпло», — падкрэсліў Лукашэнка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0