Фэст «Гальшанскі замак» прайшоў у суботу ў старажытным мястэчку на Ашмяншчыне. Яго правядзенне было прымеркавана да 10-годдзя стварэння гурта «Стары Ольса».

Фестываль распачаўся з вітальных слоў арганізатараў. Яны з аптымізмам гаварылі пра тое, што гэта на павінен быць аднаразовы праект. «Гальшанскі замак» мусіць стаць брэндам, пад якім штогод будуць збірацца аматары старажытнай музыкі.

Канцэрт пачаўся з выступленняў калектываў мастацкай самадзейнасці Ашмяншчыны. Заўжды здзіўляюся, калі бачу ў раёнах людзей, якія спяваюць народныя песні. Здзіўлюся, бо пастаянна кажуць пра адміранне культуры, а яна працягвае жыць нават у самых аддаленых вёсках. Бо культура — гэта не толькі выступленні оперных выканаўцаў, тэатральныя пастаноўкі. Гэта таксама і тыя кабеты, што спяваюць песні сваіх прадзедаў на роднай мове. Але зусім іншыя адчуванні з’явіліся ў Гальшанах, калі пасля «Купалінкі» са сцэны пачала даносіцца «салянка» з савецкіх песень «Катюша», «Эх, дорогі…», «День Победы». Пасля такога насамрэч задумаешся.

Хацелася б параіць арганізатарам надалей праводзіць такі фестываль значна раней, да прыходу халадоў. То і людзей будзе больш, ды і настрой у іх будзе лепшы. Хаця нельга сказаць, што гледачы надта сумавалі. Для іх былі арганізаваныя пацехі: нехта катаўся на кані, хтосьці з лука страляў, кідаў дзіду.

Адной з забаваў стаў аўтамабіль лідэра гурта «Стары Ольса» Змітра Сасноўскага. Гэта «Масквіч» 1951 года. Стаялі чэргі, каб сфатаграфавацца побач. Такі рарытэт не кожны дзень убачыш у Мінску, а тым больш у Гальшанах.

Выбар мястэчка для правядзення фестывалю зразумелы. Гістарычнае месца. Захаваліся руіны замка. Як увесь час са сцэны адзначаў Зміцер Сасноўскі, тут вельмі «адэкватнае начальства», якое адразу пагадзілася зладзіць мерапрыемства.

Такі фэст здольны прыцягнуць увагу людзей да замка, да праблемы яго разбурэння. Але зараз замак адышоў на задні план, стаў дэкарацыяй. Хоць і гучала шмат слоў пра яго слаўную гісторыю, падысці і дакрануцца да старых муроў было нельга. Спецназаўцы і міліцыянты не дазвалялі гэтага зрабіць. Маўляў, там будзе ўсталёўвацца салют. Усе верылі, толькі салюту так і не было. Але

спецназаўцы — гэта не толькі бамбізы, якія могуць разганяць дэманстрацыі. І з імі можна дамовіцца. Прынамсі, мы натрапілі на такога. Ён правёў нас вакол руінаў, прывёўшы нават некаторыя факты з гісторыі замка. Такая акалічнасць не можа не радаваць.

Канцэртная праграма гуртоў сярэднявечнай музыкі, запланаваная на 16.00, пачалася са спазненнем роўна на гадзіну. Беларуская пунктуальнасць. Але, на шчасце, гэта не прывяло да скарачэння канцэрта. Проста праграма скончылася пазней.

Першым на сцэне з’явіўся гурт «Унія». Тое выклікала збянтэжанасць. Толькі нехта спытаў, ці будзе выступаць LitvinTroll, музыка якога гучыць цяжка для непадрыхтаванага слухача, як выйшаў іншы рок-гурт. Калі людзі мэтарнакіравана едуць паслухаць сярэднявечную музыку, ім ні як не хочацца пускацца ў скокі пад запілы гітары. Затым выступіў гурт «Тэстаментум Тэррэ». А як выйшлі музыкі са «Старога Ольсы», усе пацягнуліся да сцэны.

Прыемна назіраць, як маладыя людзі танчаць пад старажытныя мелодыі. «Старому Ольсу» толькі 10 гадоў, а яго музыка ўжо здолела выхаваць пакаленне моладзі, якое цікавіцца рыцарскай культурай, атаясамлівае сябе з нашчадкамі Альгерда і Вітаўта.

Скончыўся фестываль фаер-шоў ад трукавога тэатра «Крэсіва».

«Гальшанскі замак» зладзілі Ашмянскі райвыканкам і турыстычнае агенцтва «Гісторыя-Тур». Усе арганізатары выказаліся за тое, каб фестываль стаў традыцыйным. Праз год, як будзе адзначацца 400-годдзе замка, фэст ужо мусіць стаць значнай падзеяй для краіны.

Прыгадваецца першае правядзенне Be Free ва ўкраінскім Луцку. Сціплая сцэна, мала людзей. Але ўжо ў трэці раз рок-фэст здолеў сабраць каля 20 тысяч слухачоў, пераважна беларусаў. Дык чаму б «Гальшанскаму замку» не стаць агульнабеларускім фестывалем старажытнай музыкі. Прынамсі зацікаўленыя ў гэтым людзі ёсць.

Шэсце ўдзельнікаў фестывалю.

Шэсце ўдзельнікаў фестывалю.

Зміцер Сасноўскі са сваёй «ластаўкай».

Зміцер Сасноўскі са сваёй «ластаўкай».

Танцы.

Танцы.

Соф'я Гальшанская і Ягайла на мурах замка.

Соф'я Гальшанская і Ягайла на мурах замка.

Зміцер Сасноўскі і Алесь Пушкін.

Зміцер Сасноўскі і Алесь Пушкін.

Фота anna makota

Фота anna makota

Фота anna makota

Фота anna makota

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?