Калядны абрад «Цары», што ладзіцца ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, уключылі ў першы спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Міжурадавы камітэт ЮНЭСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны прыйшоў да высновы, што трэба найхутчэй прыняць захады па выратаванні 12 аб’ектаў з васьмі краін, у тым ліку і абраду «Цары Каляды». На думку экспертаў, яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Унясенне аб'ектаў у Спіс гарантуе прыняцце мераў па іх захаванні. Для фінансавання гэтых мэтаў створаны адмысловы фонд.

Абрад «Цары Каляды» з’явіўся ў XVIII стагоддзі. У той час салдаты і афіцэры расійскага войска хадзілі па вясковых хатах і віншавалі гаспадароў са святам. Затым традыцыі перанялі вясковыя дзеці. Яны пачалі апранацца ў касцюмы, падобныя да вайсковай формы (гэтыя персанажы і сталі называцца «царамі»). Абрад быў узноўлены ў 1997 годзе і праводзіцца да сёння. Ён з’яўляецца нематэрыяльным увасабленнем творчасці, укладу жыцця толькі жыхароў в. Семежава.

КМ паводле БЕЛТА