Спынены крымінальны пераслед чатырох чалавек, якія разам з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенкам і Юрыем Лявонавым праходзілі па справе пра падрыхтоўку тэрактаў у якасці падазраваных.

Па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкулу 339 КК — падрыхтоўка тэракту, у якасці падазраваных праходзілі Макуць, Навумовіч, Парэмская, Уланаў. Як паведаміў сайту belaruspartisan.org праваабаронца Алег Волчак, у адносінах усіх чацвярых крымінальны пераслед спынены, усе атрымалі на рукі адпаведныя паперы.

Застаецца маленькая група падазраваных — Аўтуховіч, Асіпенка і Ларын. Паводле словаў Алега Волчака, Ларын «топіць» двух другіх як арганізатараў, асноўны ўпор робіцца на Аўтуховічу. Акрамя словаў Ларына следства не мае ніякіх доказаў віны Аўтуховіча і Асіпенкі, лічыць праваабаронца.

Практычна ўсе восем месяцаў, што ваўкавыскія прадпрымальнікі за кратамі, усе следчыя дзеянні вяліся вакол гранатамёта. Менавіта па справе аб гранатамёце трое чалавек знаходзіліся за кратамі па дзесяць дзён і іх правяралі на датычнасць да справы: і заўгас прадпрыемства Макуць, і раней судзімы Навумовіч, і Пестрак. Паводле інфармацыі Алега Волчака, Аркадзь Навумовіч — сусед Аўтуховіча — нібыта даў паказанні, што гэты гранатамёт належыць Аўтуховічу. У выніку Навумовіча дзесяць дзён патрымалі і адпусцілі.

За два тыдні да арышту прадпрымальнікаў гранатамёт быў знойдзены ля завода «Валмед» у Ваўкавыску. Па гэтай справе быў затрыманы Ларын, які некалі працаваў у Аўтуховіча. І гэтую справу следства спрабавала аб’яднаць з справай Мікалая Аўтуховіча — нібыта гранатамёт належаў Аўтуховічу і ягонай камандзе, паведамляе Алег Волчак.

Як вядома, 8 лютага 2009 г. прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў былі затрыманыя ў Ваўкавыску па падозранню ў датычнасці да падпалаў, якія мелі месца ў 2005 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?