Гэтую навіну раней агучыў старшыня камісіі палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Віктар Гумінскі.

Прэзыдэнцкі ўказ пра падпісаньне пагадненьня аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ не праходзіў праз прэзыдэнцкую прэсавую службу.

Пра гэта кіраўнік прэс‑службы прэзыдэнта Павал Лёгкі паведаміў карэспандэнту Свабоды.

Ён адзначыў, што далёка ня ўсе дакумэнты ідуць праз прэзыдэнцкую прэсавую службу, тым болей тыя, якія тычацца сілавога блёку ці абароны.

Аднак падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры праведзены.

Паводле спадара Лёгкага, «праходжаньне ўнутрыдзяржаўных працэдур мае на ўвазе і падпісаньне адмысловага ўказу». У сакратарыяце АДКБ карэспандэнту Свабоды паведамілі, што даведаліся пра падпісаньне ўказу з інтэрнэту. Але «да іх нічога не дайшло» і ўдакладніць гэтую інфармацыю можна толькі ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка сваім указам загадаў падпісаць пагадненьне аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, перадае БелТА. «Палітычнае рашэньне пра падпісаньне гэтага пагадненьня, такім чынам, ужо прынятае», — сказаў спадар Гумінскі.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0