Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 6 кастрычніка накіраваўся ў Маскву для правядзення перамоў са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным.

Як заявіў у пачатку перамоваў Уладзімір Пуцін, Беларусь працягвае карыстацца самымі льготнымі ў СНД ды і ў свеце цэнамі на энерганосбіты, паведамляе радыё «Свабода». «Гэта тычыцца і газу — самыя танныя тарыфы, самыя танныя цэны на газ у Беларусі, і нафты — паніжаныя пошліны, якія дазваляюць беларускім прадпрыемствам быць цалкам загружанымі і ажыццяўляць дастаткова вялікі аб’ём экспарту, які прыносіць вялікія даходы ў цвёрдай валюце ў беларускі бюджэт», — заявіў Пуцін. Акрамя гэтага, расійскі прэм’ер паведаміў, што ў снежні адбудзецца паседжанне вышэйшае дзяржрады «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі.

Пуцін нагадаў, што Беларусь — адзін з самых буйных пастаўшчыкоў мяса і малака ў Расію і зазначыў, што беларускіх пастаўшчыкоў прыраўналі да расейскіх пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак у РФ.

С. Сідорскі паведаміў, што таваразварот паміж Беларуссю і Расіяй за 8 месяцаў гэтага года ўпаў больш, чым на 40% — да ўзроўню 2005 года.

Ён адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць шэраг пытанняў, звязаных з пастаўкамі нафты ў Беларусь і прапанаваў абмеркаваць шэраг пытанняў адносна магчымасці павелічэння таваразвароту ў наступныя тры месяцы.

Афіцыйны парадак дня не агучваўся, аднак ёсць усе падставы лічыць, што ў ліку пытанняў для абмеркавання былі цана на газ і выдзяленне Беларусі крэдыту, паведамляе БелаПАН.

Напярэдадні, 5 кастрычніка, віцэ-прэм’ер урада Расіі, міністр фінансаў Аляксей Кудрын заявіў: «Пакуль мы не разглядаем працяг крэдыту Беларусі (апошні транш на $500 млн. з заяўленага раней стабілізацыйнага крэдыту ў $2 млрд.). На двухбаковай аснове не выдзелім».

У той жа дзень міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец паведаміў, што Беларусь працягне перамовы з Расіяй аб атрыманні траншу крэдыту на $500 млн.

Што датычыць газу, то, паводле слоў Харкаўца, праект бюджэту Беларусі на 2010 год сфарміраваны зыходзячы з прагнозу сярэднегадавой цаны на газ у памеры $166 за тысячу кубаметраў (цяпер — $115).

У самім «Газпроме» называлі іншую лічбу — $200. «Газпром» таксама патрабуе, каб да канца года Беларусь ліквідавала запазычанасць за газ — каля $200 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0