Распачаты ІІІ эпізодам «Зоркавых войнаў» год завершыўся анархісцкім бунтам «Кінг Конга». Малпа прынесла трыюмф хулігану Пітэру Джэксану. Новазэляндзкі самародак, які пачынаў з трэшу, пасьля «Ўладара пярсьцёнкаў» трывала заняў галівудзкую кінавяршыню.

Іншыя рэжысэры таксама «выпісалі» імпэрыям. «Браты Грым» Гіліяма патапталіся па «стабільнасьці і парадку», а паэтычнае анімэ «Хадзячы замак» Міядзакі працяты антываенным духам. У недаацэненай «Вайне сусьветаў» Сьпілбэрга трыюмфуюць годнасьць асобы й сямейныя каштоўнасьці. І толькі «Горад грахоў» Робэрта Радрыгеса, стылёвы й чорны, захлынаецца індывідуалізмам, трызь- ніць кашмарамі коміксаў і шакуе сьмерцю.

Мінулы год быў адметны таксама вяртаньнем Джорджа А.Рамэра да культавай зомбі-сагі. «Зямля мёртвых» здымалася пад дахам студыі «Юнівэрсал», што сьведчыць пра трансфармацыю пэрыфэрыйнай раней тэмы ў мэйнстрым.

У расейскае кіно вярнуўся імпэрскі дух. А калі ўлічыць, што імпэрыя сканала 15 гадоў таму, самі разумееце, чым гэты дух сьмярдзіць. «Стацкі саветнік» — сапраўды зьмярцьвелая карціна, героі якой дзейнічаюць па канонах фільму жахаў. «9 рота» — імпэрская мітатворчасьць. Нават такі ўнікальны жанр, як дакумэнтальная фікцыя («Першыя на Месяцы» Аляксея Фядорчанкі) прасякнуты тугой па сталёвай эпосе.

Калі расейцы мроілі сваю былую веліч, то эўрапейцы разьбіраліся з каляніяльным мінулым. Страхі французаў абыграны ў камэрцыйнай «Імпэрыі ваўкоў», у якой злы паліцыянт зьнішчае турэцкіх тэрарыстаў. Блізкую тэму ўзьнімае і абсалютна некамэрцыйны аўстрыец Міхаэль Ханэке. Сваімі статычнымі 15-хвіліннымі кадрамі ён дасьледуе ў «Стоеным» каляніяльную віну і сон посткалянільнага сумленьня.

Посткаляніяльны ў сваім духу і найлепшы беларускі фільм мінулага году — стужка Аляксандра Канановіча «Колер каханьня». Вадэвільная лёгкасьць кароткай стужкі складаецца з прыколаў нашай сталіцы, шматмоўя, сьпеву Вольскага, каляровага Пятра Юрчанкова-малодшага, лятучай каровы і г.д. Усё разам гэта сьвежа і ў кантэксьце.

Агульная ж колькасьць беларуская кінапрадукцыі застаецца мізэрнай. Летась у Беларусі было створана ўсяго 2 поўнафарматныя фільмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0