Пракамэнтаваць лібанскі крызыс і ягоныя магчымыя шляхі вырашэньня Радио Свобода папрасіла вядомага брытанскага пісьменьніка Фрэдэрыка Фарсайта – аўтара раманаў «Дзень шакала», «Чацьверты пратакол», «Ікона» і многіх іншых.

– Што, на ваш погляд, адбываецца ў Лібане?

– Тое, што там адбываецца, – гэта аналяг малой вайны. Гэта вайна, што вядзецца паміж тэрарыстычным рухам і дзяржавай. У нашым выпадку тэрарыстычная арганізацыя, як звычайна, хаваецца паміж мірнага насельніцтва, яна перахоўвае зброю і баевікоў сярод жанчын і дзяцей, выкарыстоўвае іх у якасьці шчыта. Менавіта таму Ізраіль вымушаны штораз выслухоўваць жахлівую рэакцыю сусьветнай прэсы, што абрынулася на яго, хоць ягоныя бомбы трапляюць у цэль. Многія забываюць, што абстрэл Ізраілю ракетамі пачаўся задоўга да таго, як туды прыбылі прадстаўнікі СМІ. Пачалося гэта задоўга да таго, як «Хезбалах» захапіў двух ізраільскіх жаўнераў. Хацеў бы я ведаць, колькі краін, што крытыкуюць цяпер Ізраіль, нічога б не зрабілі, калі б на іх гарады сыпаліся ракеты. Мяркую, што няшмат. Мяркую, што Францыя, Нямеччына, Італія, Гішпанія ды іншыя краіны не пагадзіліся б з гэтым, калі б былі на месцы Тэль-Авіву.

– Ці падзяляеце вы пазыцыю брытанскага ўраду ў лібанскім крызысе?

– Хацеў бы я ведаць, у чым гэта пазыцыя заключаецца. Наш прэм’ер-міністар цьвёрда падтрымлівае Джорджа Буша, тады як лідэр палаты грамадаў і былы міністар замежных спраў крытыкуюць яго. Так што я не зусім разумею, у чым заключаецца урадавая палітыка. Апроч таго, наш міністар замежных спраў – бескарысная Маргарэт Бэкет – ня можа ясна яе сфармуляваць, і падобна, знаходзіцца недзе ў адпачынку.

– Якім вам бачыцца вырашэньне лібанскага крызысу?

– Наўрад ці яно магчыма зараз ці ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Гэта супрацьстаяньне доўжыцца ўжо 20 гадоў. Няма ніякай упэўненасьці ў тым, што Захад, юдэйска-хрысьціянскі сьвет і нават памераны іслам (які таксама зьяўляецца мэтай тэрарыстаў), спыняць ісламскіх тэрарыстаў. Іх патрабаваньні невыканальныя, мы проста іх ня можам выканаць, ня можам адрадзіць халіфат. Ня можам і арганізаваць нешта накшталт крыжовага паходу. Патрабаваньні ісламістаў вар’яцкія і невыканальныя, і ў Захада проста няма іншага выйсьця, як абараняць сябе. А Ізраіль, за выняткам геаграфічнага становішча , частка Захаду. І ён абараняе сябе, як гэта рабілі б мы, калі бомбы падалі на Лёндан.

– Вы ўпэўненыя ў гэтым?

– У нас не было б іншага выбару. Сваю б ролю адыграла грамадзкая думка... Ці можна гэты адказ Ізраіля лічыць празьмерным, вырашыць гісторыя. Але я ўпэўнены ў дзьвюх рэчах, што тычацца нядаўняга інцыдэнту ў вёсцы Кана. Першая: ізраільскі пілёт ня ведаў, што ў падвале дома знаходзіліся жанчыны і дзеці. Яму было загадана зьнішчыць гэты будынак, бо ў ім разьмяшчаліся ракетныя ўстаноўкі. І другая: людзі, якія ведалі, што ў падвале дома знаходзяцца жанчыны і дзеці, былі мясцовымі чальцамі«Хезбалах». Чаму ў такім выпадку гэтыя людзі выкарыстоўвалі гэты будынак для запуску ракет. Зрабіўшы гэта. Яны цудоўна разумелі, што адказ Ізраілю будзе ўжо празь некалькі хвілін. Што і адбылося.

Скарочана

Паводле Радио Свобода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0