Паводле аўтарытэтнага сайта ехреrty.by гурт The Toobes з Мінску выпусціў найлепшы айчынны альбом за першыя паўгода.

Яны — 100‑адсоткавыя рокеры. Іхнія рыфы і націск ажыўляюць успаміны пра старыя добрыя 70‑я, пра Led Zeppelin і Deep Purple, і ад іх зусім не даносіць рус‑ і белрокам.

The Toobes. фота-Уладзь Грыдзін

The Toobes. фота-Уладзь Грыдзін

З якой такой нагоды гурт, які пачаўся якіх два гады таму, калі будучыя яго сябры зладзілі сэйшн і зайгралі Foxy Lady Джымі Хендрыкса, вырашылі, што цяпер — яны банда, якая будзе плавіць гітарны рок netto? Дзе і якім чынам тройка 20‑гадовых мінчукоў хапіла такі нетутэйшы драйв, каб зрабіцца ў нашым року паводле словаў культуролага Максіма Жбанкова «экспартным варыянтам».

Вінілам па CD

НН: Хлопцы, вам жа па 20 гадоў… Адкуль такая ледзэпелеўшчына і нірваншчына? Адкуль такі адсыл да рокавых 80‑х і нават 70‑х?

Тhe Toobes: Мы хоць маленькія, але выгадаваліся на гэтым. Бралі бацькоўскія вінілы і слухалі. Гэта самыя клёвыя часы за ўсе колькі там тысяч гадоў гісторыі музыкі. Але разам з тым, мы сучасны гурт, мы шмат хапілі ад легендаў, але робім музыку 2000‑х — тут без дурняў…. Гэта як наша спроба ўліць новае віно ў старыя мяхі…

Аснова, можа, 80‑ыя, стрыжань — класічны рок, але мы не застаемся ў іх. Разам з тым у нас няма нейкіх рамак або абмежаванняў у стылі. Мы граем тое, ад чаго нас торкае. Басіст прыўнёс панк, бубнач — рытмы Nirvan’ы. Самае лепшае, калі ты не ведаеш дакладна, што будзеш граць, прапускаеш эмоцыі праз сябе, праз свой талент, а не то, калі нехта кажа табе: «Слухайце, твой стыль такі і такі, вось і пільнуйся яго».

Зор(ач)кі

«НН»: У вас ёсць дырэктар і дарадца па справах працы з прэсай, ці не занадта для пачаткоўцаў?

Т: Мы — камерцыйная структура. А калі сур’ёзна мы раслі і зразумелі, што трэба гэта ператвараць у нешта больш сталае. Паглядзіце, усе вядомыя рок‑гурты, на пачатку кар’еры калі заўважалі, што людзям падабаецца, дык трэба займацца на сталай аснове, і гэта можна прадаваць. Чаму б не рабіць, што табе даспадобы, ад чаго цябе торкае, і пры гэты атрымліваць дывідэнты? Калі ты прыносіш асалоду людзям, чаму б не рабіць гэта на больш высокім узроўні, для ягога патрабуюцца субсідыі? Зірніце: Лені Кравіц грае правільную музыку і ўдала яе прадае…

На цяперашнім этапе нашыя ганарары па мінскіх мерках неблагія, але іх не стае, бо ўсё ідзе на развіццё. Аднак мы ведаем, што гэта мусіць акупіцца. Займаемся сваёй музыкай, і будзем змагацца за яе і надалей.

«НН»: Як прадаецца альбом?

Т: Добра. Цяпер у дыскарні «Містэрыя гуку» на яго нават наляпілі налепачку «experts.by рэкамендуе». Нас гэта адначасова смяшыць і цешыць.

НН: Ваш план па захопу свету, па пунктах?

Т: На свет мы пойдзем праз Расію! Жарт. А па‑шчырасці, дык для таго, каб зрабіцца рок‑зоркай трэба адключыць мозг. Ад беларускай рэчаіснасці, у прыватнасці. Мы хоць і жывем у Беларусі, але насамрэч мы існуем у цэлым свеце.

НН: Вы не спяваеце ні па‑беларуску, ні па‑расійску, у няма прывязкі ні да Беларусі і ні да постсавецкай прасторы. Гэта значыць, што мусіць быць нейкі скачок далей?

Т: Натуральна. Любы музыка, які не сядзіць поседам у гаражы і не грае выключна для ўласнае асалоды, хоча, жадае, каб яго музыку слухала як мага больш народу.. Мы граем не толькі для асабістага кайфу, але таксама для публікі. І таму мы будзем невымоўна радыя, калі нашу музыку пачуюць і будуць слухаць у Італіі, Германіі. Гэта натхняе.

Нарвілішкі‑Лондан

На летнім фестывалі B2gether ў літоўскіх Нарвілішках на галоўную сцэну з улюбёнцамі Мадоны Gogol Bardello і мегапапулянымі цяпер «Ляпісамі» «Тубсаў» не выпусцілі, але тыя ўсё адно ўзялі сваё: выступалі на другой сцэне ў прайм‑тайм, і падчас выступу не толькі беларусаў, але і літоўцаў, а гурт двойчы выклікалі на «біс»…


The Toobes на B2gether. Фота -Уладзь Грыдзін

«НН»: Дзе б хацелі даць першы вялікі канцэрт?

Т: Трэба збіраць лонданскі «Уэмблі», як колісь то рабілі Queen…Пакуль мы самі разумеем, што не дараслі да вялікай сцэны, але працуем над гэтым. Хоць літоўская прэса нас, здаецца, не заўважыла, але публікі прыйшло шмат. Згэтуль мы пачалі ездзіць па свеце: Швецыя, Расія…

НН: Ваш дэбютнік Hello прызналі найлепшым альбомам паўгоддзя. Ці адчуваце папулярнасць? Ці з’явіліся адданыя фаны?

Т: Пакуль усё ціха і роўна, і мы гэтаму радыя. Пакуль што гэта лакальны поспех. Цяпер час змяніўся: адлегласць паміж музыкамі істотна паменшылася, за намі ездзяць не фанаткі, а сябры.

Стээрвэў ту хэвэн

Рок‑музыка ў Савецкім Саюзе, і пазней і ў РБ — гэта пратэст ці прынамсі з’едліва крытыка існуючай рэчаіснасці. Англамоўныя «Тубс» хрыплым вакалам спяваюць пра пачуцці ды іншыя адцягнёныя рэчы, не надта абцяжарваючы сябе сэнсам.

«НН»: Колісь рок быў сімвалам бунтарства, тэкст стаяў у куце стала, а вы…

Т: Цяпер усё зраўнялася: рок‑музыка зрабілася попам. У падполле хутчэй сышоў джаз і класічная музыка, а вось рок якраз прашыўся на масавыя пляцоўкі. Але гэта пачалося не цяпер, яшчэ ў семядзесятых. Агрэсія і пратэст цяпер не ў музыцы, а ў паводзінах маладых людзей. Музыка — чыстая творчасць. Адно варта сказаць, што сам занятак у нашай краіне музыкай, гэта усё роўна, як андэграунд, нават калі твой фінальны прадукт ‑‑ абсалютна непрывязаныя да Беларусі рэчы… З іншага боку мы пільнуемся сваёй музыкі, не адмаўляемся ад рокавых рыфаў і стараемся пашырыць яе далягляды, робячы гэта насуперак застою і панавання ў эфіры ўсякага смецця кшталту індзі і айрэнбі.

«НН»: Наколькі вы чэрпаеце натхенне для сваёй творчасці падзеямі ў краіне?

Т: Не чэрпаем. Мы жывём у сваім свеце, куды нішто не пратачаецца. Натхненне бярэм хутчэй не з жыцця, а з іншых галінаў мастацтва: музыцы іншых кампазітараў, фатаграфіі, выставаў, галерэй у Інтэрнэце. І ў дадатак нашыя крыніцы натхнення тое мастацтва хутчэй «адтуль», чым «адсюль». Трэба не зацыклівацца на Беларусі. Не тое, што мы не любім нашай краіны. Вось нядаўна ездзілі у Піцер і так да дому захацелася, вы не ўяўляеце! Сюды заўсёды прыемна вяртацца, але наша музыка патрабуе іншага.

Сольны канцэрт гурта The Toobes 16 кастрычніка ў мінскім клубе «Рэактар». Пачатак а 19.

гутарыў Павел Касцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0