У суботу, 10 кастрычніка, пройдзе матч адборачнага турніру чэмпіянату свету па футболе – 2010 паміж зборнымі Беларусі і Казахстана.

Гульня адбудзецца ў Брэсце, пачатак а 18-й. Удзелу ў матчы не возьмуць, напрыклад, браты Глебы.

Канал АНТ у сваёй непаўторнай нязмушанай манеры будзе весці прамую трансляцыю паядынку (пачатак у 17:50). Нагадаем, што ў Алмаце беларусы ў Дзень дурня разграмілі апанентаў з лікам 5:1.

Наўрад ці вынік суботняга матчу паўплывае на становішча падапечных Бернда Штанге ў турнірнай табліцы: зборная Беларусі, відаць, застанецца на 4-м месцы.

Турнірнае становішча: Англія – 24 пункты (8 гульняў, баланс мячоў 31—5), Харватыя – 17 (9, 17—12), Украіна – 15 (8, 14—6), Беларусь – 10 (8, 15—11), Казахстан – 6 (8, 10—23), Андора – 0 (9, 3—33).

Зборная Беларусі выйграла тры матчы (два ў Андоры (3:1 – у гасцях, 5:1 – дома), адзін – у Казахстана ў гасцях(5:1), згуляла ўнічыю з Украінай у Мінску (0:0),

прайграла Украіне ў Львове (0:1), прайграла Англіі ў Мінску (1:3) і двойчы харватам (1:3 – дома, 0:1 – у гасцях).

Найлепшым бамбардзірам з’яўляецца ў гэтым турніры сярод нашых: Цімафей Калачоў – тры галы, на два мячы ў Дзмітрыя Вярхоўцава, Генадзя Блізнюка, Сяргея Карніленкі, па адным у Аляксандра і Вячаслава Глеба, Віталя Радзівонава, Паўла Сітко, Ігара Стасевіча, Леаніда Ковеля.

***

Зборная Англіі датэрмінова заваявала пуцёўку на чэмпіянат свету, што пройдзе летам 2010 года ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

10 кастрычніка ў нашай групе сустрэнуцца Украіна – Англія,

14 кастрычніка: Казахстан – Харватыя, Андора – Украіна, Англія – Беларусь.

Куды большую цікавасць уяўляе з сябе суботні матч Украіна – Англія.

Англія нематываная, і ў выпадку перамогі зборная Украіны апярэдзіць Харватыю і зойме другое месца ў групе (у апошнім туры нашы паўднёвыя суседзі гуляюць з Андорай), што выведзе яе на стыкавыя матчы.

Два гады таму менавіта зборная Харватыі не пусціла Англію на чэммпіянат Еўропы, абыграўшы іх на «Уэмблі». Помста гадунцам Славена Біліча была жорсткай: 4:1 на «Максіміры», і 5:1 на «Уэмблі». Цяпер ёсць унікальная магчымасць адпомсціць трэці раз, зачыніўшы калітку ў плей-оф.

Але зборная Англія – перадусім прафесіяналы, якія прывыклі ў любым матчы выкладвацца напоўніцу.

***

У суботу пройдзе яшчэ шэраг цікавых двубояў:

Швецыя – Данія (1-я група), у Даніі цяпер 18 балаў, у Швецыі – 15, а ў Партугаліі – 13 балаў і прахадныя матчы з Венгрыяй і Мальтай. 14 кастрычніка шведы дома згуляюць з Албаніяй, Данія – з Венгрыяй.

Расія – Нямеччына (4-я група). перамога падапечных Гуса Хідынка практычна гарантуе прамую пуцёўку ў ПАР. Немцам жа дастаткова нічыі. На гэты матч у Маскву мелася прыляцець Ангела Меркель, але канцлера затрымалі важныя справы дома – кааліцыя са свабоднымі дэмакратамі, самі ведаеце.

Хацелася б таксама адзначыць матч Славакія – Славенія (3-я група).

Славакі лідзіруюць у сваёй групе, у іх 19 балаў, і ім дастаткова ў cуботу нічыі, каб заваяваць пуцёўку ў Паўднёвую Афрыку. Што праўда, славенцы ідуць на другім месцы (14 балаў) і таксама мрояць пра чэмпіянат свету.

У гэтай жа групе згуляюць 10 кастрычніка Чэхія – Польшча. Нашыя заходнія браты хоць і ідуць на пятым месцы (11 балаў), але захоўваюць тэарэтычныя шанцы на 2-е месца ў групе. Як зрэшты і нашчадкі Яна Гуса (у іх 12 балаў). Трэцяе месца ў гэтай групе займае зборная Паўночнай Ірландыі з 14 баламі, але ў іх засталася адна гульня: 14 кастрычніка з Чэхіяй у гасцях. У наступную сераду Польшча згуляе са Славакіяй, а Сан-Марына – з Славеніяй.

Перамога Босніі (група 5) у Таліне выведзе падапечных харызматычнага Міраслава Блажэвіча ў плей-оф. Таксама поспех маленькай краіны.

Першае месца тут датэрмінова заваявала Іспанія (24 балы). Асечкай Босніі можа скарыстацца Турцыя, што гуляе ў суботу з Бельгіяй у гасцях. У туркаў 12 балаў, у баснійцаў – 16.

14 кастрычніка, дарэчы, у гэтай групе пройдзе матч, што мае палітычнае значэнне: Турцыя – Арменія. Матч мае наведаць прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, вось Абдулу Гюля год таму ў Ерэване асвісталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?