Імаверны пераемнік Пуціна віртуальна наведаў Менск.

Напярэдадні свайго прафэсійнага сьвята беларуская і расейская чыгункі вырашылі парадаваць пасажыраў добрай навіной. З 1 жніўня пачынае працу звышхуткі цягнік «Славянскі экспрэс», які будзе курсаваць між Масквой і Менскам. З гэтай нагоды і быў зладжаны тэлемост паміж дзьвюма сталіцамі.

Адным з удзельнікаў ад маскоўскага боку значыўся Ўладзімер Якунін, прэзыдэнт ААТ «Расейская чыгунка». Маскоўскія палітолягі апошнім часам актыўна абмяркоўваюць яго кандыдатуру ў якасьці магчымага пераемніка Пуціна. Было цікава паслухаць, што думае патэнцыйны гаспадар Крамля аб беларуска-расейскіх узаемадачыненьнях.

Маскоўскі вядоўца асабліва гучна і патасна аб’яўляў выступ Якуніна. Сам жа былы гэбіст Якунін не абмінуў магчымасьці скарыстаць момант для свайго піяру. Сярод іншага ён адзначыў, што чыгункі нашых краінаў заўсёды своечасова выконвалі абяцаньні перад сваімі пасажырамі і вельмі добра было б, каб таксама працавалі і палітыкі. Чыгунка, паводле словаў Якуніна, выконвае і сацыяльныя, і палітычныя мэты.

Пасьля Якунін перайшоў да звычайнай інтэграцыйнай рыторыкі: «Славянскі экспрэс» будзе збліжаць ня толькі адлегласьці між сталіцамі, але й самі народы.

Апошняя фраза прэзыдэнта расейскай чыгункі была накіраваная да ўладных колаў Беларусі і Расеі: «Няма нічога немагчымага, калі ёсьць супольнае жаданьне. Думаю, у будучыні беларусы і расейцы будуць часьцей сустракацца на сьвятах дружбы і яднаньня».

Затым ужо начальнік Беларускай чыгункі Ўладзімер Жарэла амаль паўтарыў словы Якуніна, двухсэнсоўна заявіўшы: «Добра было б, каб усе структуры саюзнай дзяржавы працавалі таксама, як чыгунка».

Але асабліва агаломшыў прызнаньнем пра беларуска-расейскі саюз намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў, які заклікаў пасажыраў «Сла-вянскага экспрэсу» часьцей карыстацца яго паслугамі, а пасьля ўмацоўваць інтэграцыю ў застольных бяседах.

Пасьля заканчэньня тэлемосту гледачоў забаўлялі танцамі і сьпевамі артысты «Церніцы». І толькі апранутым у цывільнае ахоўнікам было не да адпачынку.

Цягнік паміж Менскам і Масквой цяпер будзе хадзіць на дзьве з паловай гадзіны хутчэй, чым раней (сем з паловай гадзін). гэта і выглядае самым істотным здабыткам інтэграцыі за апошнія 10 гадоў. Добра, каб так было й надалей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?