Газэта «Беларусь сегодня» 21 ліпеня на першую паласу вынесла матэрыял пра адпачынак у Крыме. Аўтарка матэрыялу Алена Нікольская цягам усяго артыкулу апэлюе да Інтэрнэту, неназваных расейскіх газэтаў і свайго знаёмага, пішучы пра страшэнную дарагоўлю крымскага адпачынку. Не па кішэні, маўляў, простаму беларусу, «звыкламу да сьціплых выдаткаў на адпачынак», жытло ад 30 да 300 тыс. рублёў, просьценькія абеды па 16 тыс., экскурсіі ад 24 да 100 тысячаў. У выніку аўтарка патрыятычна рэзюмуе: «Лепш за ўсё – на Браслаўскія азёры. Таньней і прыемней!»

Гэтая публікацыя зачапіла нашага чытача Паўла Абрамовіча, які толькі што вярнуўся з Таўрыі.

«Цэны, якія растуць не па днях, а па гадзінах, – гэта мана. Беларусы, як і ўсе эўрапэйцы, даўно навучыліся пралічваць усё наперад, і ніхто не паедзе сёньня за сьвет, ня ведаючы сытуацыі і ўмоваў адпачынку», – зазначае Павал. Абрамовічы здымалі кватэру з усімі выгодамі за 15 хвілінаў хады ад мора. Каштавала гэта 15 даляраў з чалавека за суткі. «Варта растлумачыць, што кошты на жытло тут узрастаюць у сэзон – жнівень–верасень, але гэта не характэрна для ўсяго летняга пэрыяду. Таму той, хто захоча таньней, можа абраць для адпачынку пачатак лета, калі жытло ўдвая таньнейшае».

Ня мела нараканьняў сям’я сп. Абрамовіча і да харчаваньня: «Прадукты ў крамах калі не таньнейшыя, то й не даражэйшыя за нашы. Вельмі прыстойны асартымэнт малочных прадуктаў, кілбасаў. Увогуле тут асартымэнт прадуктаў шырэйшы, чым беларускі, і фасаваньне разнастайнае». Харчаваліся Абрамовічы ў гарадзкой кавярні, у сталоўцы санаторыю «Крым», і паўсюль іх прыемна ўражвалі як памеры порцыяў (як зьесьці!), іх добры смак, так і цэны – зусім не жахлівыя, як палохаюць свае ды расейскія мэдыі. Добры абед на чатырох чалавек абыходзіўся ім у пераліку ў 12–16 тыс. рублёў. Да слова, гарбату тут прапануюць «вялікую» і «малую» – 0,5 і 0,2 л адпаведна. Пляшка белага нефільтраванага піва таксама цешыць непараўнальным зь беларускімі коштам – каля тысячы рублёў.

Не падаўся занадта дарагім і актыўны адпачынак – гадзіна ў дэльфінарыі на тэрыторыі санаторыю «Крым» для дарослых каштуе 9 тыс., для дзяцей да 7 гадоў бясплатна. Экскурсія па партэіцкай бухце каштавала даросламу крыху больш за 11 тыс., для дзяцей да 7 гадоў ізноў жа бясплатна. Той жа пляжны парасон можна нядорага набыць на месцы – гэта будзе выгадней, чым штодня браць на пракат.

«Турагенцыі ды Інтэрнэт даюць вычарпальную інфармацыю пра месцы адпачынку, і кожны мае магчымасьць сплянаваць свой адпачынак згодна з уласнымі патрабаваньнямі і фінансавымі магчымасьцямі. Мы адпачылі акурат на тую суму на якую і разьлічвалі, у гэтым абышлося безь сюрпрызаў» – падкрэсьлівае П.Абрамовіч.

Артыкул, зазначае Павал, патыхае выразнай дзяржзамовай на стварэньне нэгатыўнага вобразу Ўкраіны. «Але, пры ўсіх патрыятычных пачуцьцях, беларускія азёры не заменяць тым беларусам, што едуць у Крым, марскога клімату і гораў, – цьвердзіць ён і дадае: – Мы і абралі Крым, пасёлак Партэіт, з тым, каб прагрэць дзяцей. Чаго ня зробіш тут».

Ад сябе дадамо інфармацыю, атрыманую ад турагенцыі «Цэнтар-курорт». Кошт пражываньня на базах адпачынку «Слабодка» і «Золава» на Браслаўскіх азёрах складае ад 14 690 да 32 600 руб. з чалавека за суткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?