Варта ці не варта пераконваць насельніцтва, каб назвалі беларускую мову роднай і хатняй? Ці важна, каб «беларускамоўны» працэнт на перапісе аказаўся вялікі? Ці паспрыяе гэта умацаванню нацыянальнай тоеснасці? Дзве розныя пазіцыі выказваюць гісторык Аляксандр Пашкевіч і кіраўніца Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская:

— Ці варта перад перапісам і падчас яго пераконваць насельніцтва, каб назвалі беларускую мову роднай і хатняй?

Аляксандр Пашкевіч: Наколькі мне вядома, падобныя

заклікі да насельніцтва з боку арганізацый і асобных дзеячоў, асноўным клопатам якіх з’яўляецца зберажэнне і развіццё заняпалай роднай мовы, практыкуюцца перад перапісамі насельніцтва ў любой краіне, дзе ёсць падобныя праблемы.

Таму ў самім факце, што падобную агітацыю спрабуюць сёння весці і ў нас, не бачу нічога заганнага. Іншая рэч, што асабіста мне заклікі падобнага зместу падаюцца хутчэй рытуальнымі, і іх рэальны ўплыў на сітуацыю я б не стаў пераацэньваць. Грамадзяне, для якіх з’яўляюцца нейкімі аўтарытэтамі тыя дзеячы, што паставілі свае подпісы пад адпаведным зваротам да грамадскасці, і без таго адзначалі б у якасці роднай і хатняй мовы беларускую, не зважаючы на рэальную сітуацыю ў сваіх сем’ях. А вось

магчымасці для ўплыву на больш шырокую грамадскую думку ў нацыянальных арганізацый і дзеячоў на сёння выглядаюць абмежаванымі.
Таму звяртацца і агітаваць, мабыць, трэба (хоць бы дзеля таго, што не выпадае ніяк не рэагаваць на такую значную падзею, як перапіс насельніцтва), але ў надта ўжо вялікай эфектыўнасці гэтых крокаў я ўсё ж такі сумняюся. Думаю, у выніку большасць грамадзян Беларусі будуць прымаць рашэнне, што ім казаць перапісчыкам адносна сваёй роднай мовы, самастойна. Гэтак сама, як прымалі яго і мінулы раз.

Думаю, дарэчы, што

вынікі перапісу не будуць надта ўжо катастрафічнымі, хоць агульнага папяровага змяншэння колькасці беларускамоўнага насельніцтва чакаць, відаць, усё ж варта.

Аднак жа адбудзецца гэта не толькі праз свядомую палітыку ўладаў, скіраваную на выцясненне беларускай мовы. Проста за апошнія 10 гадоў ад нас з натуральных прычынаў назаўсёды адышлі шмат людзей старэйшага пакалення, якія жылі ў сельскай мясцовасці і размаўлялі па-беларуску таму, што іншымі мовамі элементарна не валодалі. А на іхнае месца ніхто, на жаль, не прыйшоў.

Алена Макоўская: Што значыць пераконваць? Кожны чалавек мае сваё меркаванне і мае права яго свабодна выказваць. Іншая праблема, што

вельмі часта людзі адказваюць, не задумваючыся над сутнасцю пытання, над наступствамі свайго адказу.

Пры правядзенні фокус-групаў напярэдадні сацыялагічнага апытання адносна нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў нашы эксперты сутыкнуліся з праблемай, што большасць удзельнікаў адказвала на пытанні стэрэатыпамі, і толькі пасля пэўнага працэсу дыскусіі чалавек пачынаў асэнсоўваць сутнасць пастаўленага пытання і адыходзіць ад стэрэатыпаў. Але гэта быў працэс. Перапіс насельніцтва такой магчымасці не дае. Таму і

зварот дзеячаў беларускай культуры, ініцыяваны «Бацькаўшчынай» напярэдадні перапісу насельніцтва, быў хутчэй запрашэннем задумацца, адчуць сваю персанальную адказнасць за будучыню мовы, культуры, Беларусі,

чым пераканаць.

— Ці ёсць карысць ад вялікіх «беларускамоўных» працэнтаў на перапісе? Ці паспрыяе гэта беларушчыне?

Аляксандр Пашкевіч: Да меркавання, што колькасць людзей, якія назавуць на цяперашнім перапісе беларускую мову роднай і хатняй, можа неяк практычна паўплываць на паляпшэнне яе сённяшняга становішча, я стаўлюся скептычна. Тым больш што і прыклад адпаведны маецца — вынікі мінулага перапісу. Каля траціны насельніцтва Беларусі (у нашых умовах гэта зусім не мала) тады назвалі мовай штодзённага карыстання беларускую — і што з таго? Хіба адзначаліся на гэтай падставе нейкія змены ў дзяржаўнай палітыцы? Ці, можа, шмат хто пад уплывам аптымістычных вынікаў перапісу стаў беларускамоўным? Я асабіста гэтага не заўважыў і не адчуў. Не думаю, што інакш будзе і цяпер. Гэта не азначае, што я зусім не дапускаю магчымасці пэўнага скарэктавання дзяржаўнай палітыкі ў моўнай сферы, але думаю, што гэта ні ў якім выпадку не адбудзецца дзеля адных толькі вынікаў перапісу. Бо ўсе ж выдатна разумеюць, што вынікі перапісаў адносна мовы і аб’ектыўная моўная рэальнасць у Беларусі — зусім розныя рэчы.

Рэальна паўплываць знізу на змену стаўлення нашай дзяржавы да беларускай мовы магло б толькі сапраўднае, а не папяровае павелічэнне ў краіне колькасці беларускамоўных, што адчувалася б проста па агульнай атмасферы, без ніякіх перапісаў.

Пакуль жа не заўважна, што беларуская мова для значнай колькасці беларусаў з’яўляецца рэальнай, а не толькі дэкларатыўнай жыццёвай патрэбай, і не падобна на тое, што ў агляднай перспектыве можна чакаць нечага іншага.

Алена Макоўская: Перапіс насельніцтва, напэўна, прадэманструе змяншэнне колькасці «беларускамоўных». Таму ёсць аб’ектыўныя прычыны — гэта палітыка русіфікацыі, адсутнасці адпаведнага рынку працы, вышэйшай адукацыі на беларускай мове. У гэтым выпадку

ўлады павінны рабіць высновы, да чаго прывяла моўная палітыка ў краіне цягам апошніх 15 год і да чаго можа прывесці працяг такой палітыкі.

Так, ёсць прыклады краінаў, дзе этнасы згубілі сваю мову і карыстаюцца мовай іншых народаў, але ў дадзеным выпадку ніхто з гэтых нацый не мае такога моцнага геапалітычнага суседа і гульца, як Расія. Пакуль ва ўсіх сферах грамадскага жыцця Беларусі будзе дамінаваць расейская мова мы так і застанемся інфармацыйнай і культурнай правінцыяй Расіі, што будзе заўжды ўяўляць пагрозу незалежнасці. Асэнсаванне, што беларуская мова — родная, з’яўляецца першым крокам да асэнсавання сябе беларусам, а значыць і да мацавання незалежнасці і дзяржаўнасці.

Любая колькасць «беларускамоўных» працэнтаў паспрыяе беларушчыне.
Вялікія ж працэнты дадуць падставу патрабаваць ад беларускіх дзяржаўных органаў адпаведнага пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?