У Беларусі шмат тых, хто выконваў «інтэрнацыянальны доўг» у былой Чэхаславакіі, у тым ліку і аўтар гэтага ліста. Але я ехаў туды не ваяваць.
Мне, маладому хлопцу, вельмі хацелася ўбачыць свет, убачыць на свае вочы, што дзеецца там. Не зважаючы на моцную савецкую прапаганду, удавалася ўбачыць і пераканацца на фактах, на чыім баку праўда.
Амаль на самай мяжы, у раёне станцыі Чоп, нам выдалі каскі і новыя аўтаматы, а таксама па тры «ражкі» з патронамі. Памятаю, што страху не было, але было нейкае пачуццё хвалявання і спадзявання на сустрэчу з нечым новым, невядомым. Раніцай, яшчэ ў прыцемках, наш аўтамабільны батальён рушыў цераз мяжу, непадалёк ад Кошыцаў. Свае новыя аўтаматы мы закінулі за сядзенне ў кабіне аўтамабіля, каб не перашкаджалі, і каскі мы паздымалі, бо моцна балела шыя, але хутка надзявалі, калі бачылі прыбліжэнне камандзіраў. Наша калона расцягнулася ўздоўж ад Кошыцаў да Прагі, ды і ўсё падарожжа па тэрыторыі Чэхаславакіі доўжылася каля трох дзён. Мы ехалі ў калоне, змяняючы адзін другога за рулём, і любаваліся краявідамі незнаёмай нам мясцовасці.
Калі прыбылі на месца прызначэння, камандзір батальёна абвясціў, што заўтра атрымаем акупацыйнае абмундзіраванне і акупацыйны паёк. Так я стаў акупантам…
На акупаванай савецкімі войскамі тэрыторыі былі сустрэчы з рознымі людзьмі: і з маладымі, і з пажылымі. Адзін малады чэх падарыў мне значок з выявай Масарыка…
Да савецкай акупацыі я адносіўся адмоўна. Гэта было насілле над невялікай еўрапейскай краінай.
У гэтым годзе спаўняецца 40 гадоў, як я пакінуў Чэхаславакію, дэмабілізаваўшыся з войска. Ніякіх адзнакаў у ваенных білетах не рабілася, «не рэкамендавалася» дзе‑небудзь успамінаць аб сваім знаходжанні ў Чэхаславакіі.
Трэба падзякаваць Богу, што аўтамат не спатрэбіўся, бо за час службы не зрабіў з яго ніводнага выстралу, нават вучэбнага. Аб акупаванай краіне засталіся самыя светлыя ўспаміны. Назаўсёды ў душы засталася гэтая прыгожая і працавітая еўрапейская краіна.