Высвятляецца, слова litaratura ў Сеціве было незанятае.

Гэтым у індывідуальна-анархісцкім парадку скарысталіся гуру беларускага перакладу Сяргей Шупа і Ян Максімюк, якіх не змаглі пераканаць далучыцца ані перакладніцкія гурткі, ані групы, ані калектывы накшталт часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».

Сяргей і Ян вырашылі застацца як ёсьць, самі па сабе, каб граць па сваіх нотах і вырабляць усё, што ім стрэльне ў галаву - адным словам, стварылі сайт перакладной літаратуры litaratura.org.

«Звычайна пятнічнымі вечарамі мы зь Янам у зацішку якой пражскай піўніцы, вінарні або чаёўні вядзем размовы пра літаратуру і ня толькі — размовы бясконцыя, распачатыя яшчэ гадоў 20 таму, — кажа адзін са стваральнікаў сайту, перакладчык Сяргей Шупа. - Вельмі часта ў такіх сядзеннях спараджаюцца нейкія творчыя імпульсы, робяцца адкрыцці — новыя аўтары, тэксты… мовы. Карацей — усяму гэтаму захацелася знайсьці выйсце».

Што будзе на сайце litaratura.org? Найперш абое-гурое падграблі увесь свой дасюлешні даробак, раскіданы па розных эфемерных публікацыях на паперы і ў Сеціве, усё, што рабілася для душы, у шуфляду, без спадзяванняў некуды прыладаваць.

Тут і ірландзец Джэймс Джойс, і ізраілец Этгар Керэт, і француз Барыс Віян, і паляк Бруна Шульц.

Калі перакладнікі арганізуюць усё гэта да канца, і абладзяць усе скарбы, тады яны абяцаюць перакладаць тое, чым будуць актуальна натхняцца. Скажам, Сяргея Шупу сёння непакоіць

копцкі александрыйскі пісьменнік Ідвар Аль-Харат, вядучы егіпецкі інтэлектуал-энцыклапедыст, пра якога ў Беларусі пакуль што ведаюць недастаткова, а дарма. У бліжэйшых планах сайту дзве кнігі: «Белы завой» Антанаса Шкемы і «Іншала, Мадона, іншала» Міленка Ергавіча
.

Перачыталаму «Палескіх рабінзонаў» і ледзь ня памерламу ад нястраўнасці Яну Максімюку захацелася знайсці нейкую прыстойную «кніжку для моладзі» і перакласці, каб вярнуцца да здароўя. Таму ён абеларусіў кавалак адной файнае аповесці са шведскай (не кажа якой). «Вось я глядзеў, як Сяргей бярэцца за розныя неверагодныя заняткі, улучна з ігрой на бас-гітары, і сэрца мне крывёй аблівалася ад таго, што ён не перакладае, — дадае Максімюк. — Літаратура.org — гэта такая хітрая пастка на яго, пастаўленая братамі Максімюкамі, каб знаўца двухзначнай колькасці моў Сяргей Шупа пачаў зноў перакладаць, мімохадзь навучыўшыся якім 6-8 новым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?