Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тарыфы на энерганосьбіты для насельніцтва ў 2010 годзе могуць вырасці не больш чым на 7 даляраў. Пра гэта ён заявіў падчас справаздачы міністра энергетыкі Аляксандра Азярца.

Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, падчас нарады Азярэц выступіў з прапановай адыходзіць ад практыкі перакрыжаванага субсідавання і павысіць тарыфы на энерганосьбіты для насельніцтва. Зараз страты галіны за кошт недаплаты насельніцтва складаюць 900 млрд. рублёў. Сёння насельніцтва аплачвае прыкладна палову рэальнага кошту прыроднага газу, які пастаўляецца ў дамы.

У сваю чаргу, прэзідэнт лічыць, што «пакуль не трэба спяшацца з прыняццем такога рашэння». Паводле меркавання кіраўніка дзяржавы, неабходна шукаць шляхі аптымізацыі затрат, з тым каб не дапусціць павышэння тарыфаў. Дамагчыся гэтага можна ў тым ліку і за кошт зніжэння сабекошту.

Лукашэнка падкрэсліў, што «не можа быць і гаворкі пра павышэнне тарыфаў для насельніцтва адразу на 5-7%».

«Давайце дамовімся так: пачынаючы з 1 студзеня ў месяц па даляры, дзесьці маленькімі зрухамі, і то — спачатку абгрунтаваўшы і праінфармаваўшы прэзідэнта. І мы спакойна, у залежнасці ад таго як будзе развівацца крызіс, будзем прырастаць у агульнай суме на 7 даляраў у наступным годзе. Але па адным даляры, а не па 5 або 7. Аднак усё гэта яшчэ трэба пралічыць», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Трэба мець на ўвазе, што сёння насельніцтва не можа больш заплаціць. Таму не трэба сёння патрабаваць ад мяне павышэння тарыфаў. Трэба разумець, што мы не так павысілі зарплаты і пенсіі насельніцтву, каб 5-7 даляраў у іх забраць. Але і насельніцтва павінна разумець, што калі мы загубім энергетыку, не будзе дзяржавы і наогул зарплат», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў прэзідэнта, варта яшчэ раз «уважліва паглядзець, дзе і на чым можна зэканоміць у вытворчым працэсе». «А з 1 студзеня па адным даляры, магчыма, пачнем павышаць. Але гэта рашэнне яшчэ наперадзе. І вы павінны мне яго даць, добра абгрунтаваўшы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?