Дыскаграфія. Алесь Камоцкі. 9. Vigma, 2009

Новы альбом Камоцкага сведчыць — няма спеваку роўных у адчуванні музыкі і слова. Гэта фантастычная праца па сваёй душэўнасці і музычным багацці, якая сягае вяршыняў лірычнай класікі.

Уцёсаў, Коэн і Азнавур у адным флаконе пад гукі «Дзяўчыны з Іпанэмы» — хіба так асацыятыўна можна апісаць дыск «9». Бардаўскае мінулае забытае: перад слухачом разгортваецца шырокамаштабная музычная дзея з лёгкім саксафонам і кларнетам, асцярожнымі клавішамі, ненавязлівым баянам і, канешне, непаўторным голасам‑шэптам Камоцкага.

Гэта музыка і паэзія найвышэйшага гатунку, якой так не стае ў беларускай музычнай прасторы.

Кожная з дзевяці кампазіцый — невялічкі шэдэўр, любы можна круціць у плэеры бясконца. Асабліва цудоўныя — «Шукай мяне» (з мілым мульцяшным кліпам) і «Каралева». Вядома ж, калі настрой супадае з гэтай летуценнай музыкай. Толькі вось няясна, чаго партыі саксафона і кларнета не сыграў сам Камоцкі: умее ж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?