На партале Міжнароднага радыё Кітая (МРК) СRI‑Online адкрылася беларускамоўная старонка — belarusian.cri.cn

Як паведаміў 19 кастрычніка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік галоўнага рэдактара МРК Інь Лі, інтэрнет‑старонка на беларускай мове з’яўляецца «акном для знаёмства беларусаў з Кітаем». На сайце размешчана самая розная інфармацыя: навіны, звесткі аб культуры і турызме Кітая, фотагалерэя славутых мясцін КНР. Акрамя таго, наведвальнікам прапаноўваюцца ўрокі кітайскай мовы і інтэрактыўная зона, у якой усе жадаючыя могуць абмяняцца інфармацыяй аб Кітаі.

Стварэнне інтэрнет‑старонкі на беларускай мове падмацавана пратаколам намераў аб супрацоўніцтве ў інтэрнет‑сферы паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і Міжнародным радыё Кітая, які быў падпісаны ў Мінску 19 кастрычніка. Дакумент прадугледжвае абмен інфармацыяй і аўдыёпраграмамі. З нагоды знамянальных падзей і свят Белтэлерадыёкампанія і МРК будуць рыхтаваць спецыяльныя праграмы і ў межах абмену трансляваць іх у эфіры ці рэжыме анлайн.

Пратакол намераў аб супрацоўніцтве таксама прадугледжвае абмен супрацоўнікамі. Так, у прыватнасці, беларускія журналісты правядуць у Кітаі год. Чакаецца, што ў Беларусі таксама будуць стажыравацца супрацоўнікі МРК. Акрамя таго, дакументам прадугледжана сумесная арганізацыя мерапрыемстваў праз інтэрнет.

Пасол Кітая ў Беларусі Лу Гуйчэн выказаў упэўненасць, што інтэрнет‑старонка на беларускай мове будзе «добрым мостам, які зблізіць народы і ўмацуе духоўную і грамадскую аснову кітайскіх і беларускіх адносін двухбаковага супрацоўніцтва і стратэгічнага ўзаемадзеяння».

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі ў сваю чаргу падкрэсліў, што рашэнне МРК аб стварэнні беларускамоўнай інтэрнет‑старонкі — гэта знак сур’ёзнай павагі. Паводле слоў Зімоўскага, ён «падкрэслівае тую ступень даверу і ўзровень супрацоўніцтва, якія зараз існуюць не толькі паміж Белтэлерадыёкампаніяй і МРК, але і КНР і Беларуссю».

***

Міжнароднае радыё Кітая было створана ў 1941 годзе з мэтай паглыбіць разуменне і сяброўства паміж народамі Кітая і ўсяго свету. Гэта адзінае ў КНР дзяржаўнае радыё, якое ажыццяўляе вяшчанне на замежныя краіны. Праграмы МРК можна слухаць на 59 мовах у аб’ёме 1 тыс. 520 гадзін ў суткі.

Сайт МРК — CRI‑Online — быў адкрыты ў 1998 годзе. Сёння на ім публікуюцца матэрыялы на 59 мовах па раздзелах: навіны, эканоміка, культура, грамадства, падарожжы, спорт, забавы і іншае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?