Апавяданьне.

Антон Юркавец.

Антон Юркавец.

З тысячаў іншых Яна Францавіча вылучаў асабліва востры і хворы розум вынаходцы.

Калі жонка Ліза хавала ад яго кансервны нож, ратуючы ад мужавых прыступаў начнога голаду гарошак і кукурузу, Ян Францавіч натачваў бруском лыжку, наладжваючы яе пад кансерву, і, адкрыўшы на такі спосаб слоік, з асалодай прымаўся пажыраць запасы, часам зьядаючы па тры‑чатыры слоікі за ноч. У гэтым вынаходніцтве быў патаемны элемент помсты, бо пасьля Ліза ня раз рэзала сабе пальцы, мыючы наточаныя лыжкі.

Апроч лыжак, Ян Францавіч вастрыў таксама лазерныя дыскі, якія з прагрэсам гублялі свой сэнс і цяпер валяліся там‑сям па хаце, ды кідаў іх, як ніндзя кідае свае зорачкі.

Ахвярай Яна Францавіча была хатняя птушка, якая, нібыта зьмірыўшыся са сваім лёсам, фаталістычна зьбіралася ля ганку гаспабудовы, дзе ёй звычайна адрубалі галовы, прэпарыруючы пад суп.
Ян Францавіч лічыў дыскавы спосаб прэпарацыі птушак больш прагрэсіўным і мультымедыйным, але ж вагі дыскаў ды трапнасьці Яна Францавіча не хапала нават каб параніць птушку, таму яна па‑ранейшаму таўклася ля ганку гаспабудовы, над якой было напісана «θανάτου κάμερα», то бок, камера сьмерці, бо Ян Францавіч быў дыплямаваным выкладчыкам клясічных моваў, і студэнты за нетыповую для выкладчыка прастамоўную манеру гаварыць ды папулярныя рынгтоны называлі яго «бадалава».

Ян Францавіч любіў загартаць у поліэтылен усялякую тэхніку з гігіенічнай мэтай, як гэта любяць рабіць старыя людзі. Калі ён абгарнуў пакецікам айфон, ён адразу ж згубіў частку сваёй сэнсарнасьці, і Ян Францавіч ня мог патрапіць на фэйсбук, ад чаго страшна лаяўся, праклінаў усё навакол жудаснымі пракляцьцямі і катаваў котку Іякасту, жонка ня вытрымала і накрычала: табе ўсяго 26, а ты паводзіш сябе, як стогадовы сівы дзед!

Тады пакрыўджаны Ян Францавіч прыдумаў пакласьці айфон у вымыты і высушаны кандом, выкананы з больш вытанчанага матэрыялу. Фэйсбук запрацаваў, а ўсё разам выглядала па‑моладзеваму і з разынкай, як калямбурыў Ян Францавіч.
Абажаючы поліэтылен, Ян Францавіч люта ненавідзеў цэляфан, гэты яго паскудны шолах, які ён не пераносіў. Ён часта, курчачыся ад пакутаў, доўга не пускаў на двор жонку, якая вярталася з крамы з поўнымі прадуктамі цэляфанавымі пакетамі, пакуль тая не навучылася хадзіць па пакупкі з кляцістай чаўночнай торбай.

Іхняя сям’я пражывала на Грушаўцы ў прыватным сектары. Ян Францавіч вельмі любіў перабольшваць крымінальнасьць гэтага раёну, выстаўляючы сябе гэткім крутым хлопцам з гета. Ён нават страйкаваў супраць экспансіі метрапалітэну ў Грушаўку, пераймаючы сваіх калегаў з Лос‑Анджэлесу, якія таксама страйкуюць з той самай прычыны. На працу ён езьдзіў на Аўды А6 чырвонага колеру, якую называў божай кароўкай. Сядаючы ў салон, густа абгорнуты поліэтыленам, ён заводзіў заўсёды Future Sound of London — музыку, якая цалкам адпавядала рытмам Янавай душы і дапамагала яму настройвацца на дзень.

Праўда, стоячы на сьвятлафорах або ў корку, Ян Францавіч апускаў шкло і гучна ўключаў растоўскі рэп, каб, як ён лічыў, быць бліжэй да масаў. Ян Францавіч быў народнікам і пёрся з почвенніцтва.

Ён ня вельмі любіў сваю працу выкладчыка. На занятках збольшага распавядаў показкі ды сьпяваў або проста прымушаў студэнтаў зачытваць хатняе заданьне, крыўляючы іх кепскі пранонс і няздольнасьць добра чытаць па‑грэцку або на лаціне. Адзнакі ён ставіў па прынцыпе прыгажосьці студэнта, што, на яго думку, адпавядала клясычнаму сьветаўспрыманьню, безь якога не магло быць і размовы пра вывучэньне клясычных моваў. Аднойчы ён меў нядоўгі раман з студэнткай Кацяй зь Бешанковічаў, якой ён паставіў 10 семястровых, хаця яна ведала ўсяго адну лацінскую прымаўку, дый тую скажоную і непрыстойную.

Гэта і спадабалася Яну Францавічу, каторы лічыў, што вывучэньне мёртвых моваў — гэта шлях да самапазнаньня і самаўдасканаленьня, якія сучасным студэнтам цяпер непатрэбныя, бо яны цалкам здольныя самапазнавацца і ўдасканальвацца аўтаматычна праз сацыяльныя сеткі.
Ян Францавіч і Каця зачыняліся вечарам на кафедры і гадзінамі мелі разнастайныя кантакты розных ўзроўняў. На другі месяц Ян Францавіч узгадаў жонку Лізу, якую вельмі кахаў, прызнаўся, што ад адультэру адчувае толькі душэўны холад або мярзотнае пахмельле ды проста стаміўся другі месяц начаваць у каханкі, засумаваўшы па доме. Ён забараніў Каці званіць яму, а таксама наведваць заняткі, паставіўшы ёй 10 гадавых. Вярнуўся да жонкі, якая прыняла яго зноў, нягледзячы ні на што, і зажыў шчасьліва ў сямейным дабрабыце.

Аднойчы ў ліпені лілі страшэнныя ліўні і гаспадарка Яна Францавіча апынулася ў затопленым стане. Вада даходзіла да падваконьняў і па хаце прыходзілася плаваць у самаробным чоўне, зробленым з пакрышкі ад трактара. Патоп пашкодзіў гаспадарку, і калі гарод ды сад часткова перажылі катастрофу, то ўся хатняя птушка ў той страшны вечар патанула. Топячыся, птушкі маўчалі, і ў гэтым маўчаньні чыталася салодкая радасьць збаўленьня. Маўчала ўсё, сувора маўчалі і Ян Францавіч, жонка Ліза ды блакітнавокі сабака Лай пароды лайка, якія плавалі з пакоя ў пакой на чоўне і елі ўжо халодную ежу, па якую прыйшлося плыць ажно ў Макдональдз. Адна толькі котка Іякаста пераможна мяўкала, седзячы на даху і прадачуваючы пір, тушкі курэй‑тапельцаў прывабна плавалі вакол хаты.

КАНЕЦ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?