5 мільёнаў рублёў запатрабаваў у былой жонкі за выкрадзенага цесця неаднаразова судзімы гамяльчанін.

П’яны ён завітаў на вяслярную базу Гомельскай установы алімпійскага рэзерву, выкраў мабільнік вартаўніка, яго былога цесця, 1939 года нараджэння. Пасля чаго вар’ят з гвалтам і пагрозамі звязаў былога сваяка і загрузіў у салон яго ж «Масквіча». Злачынец патэлефанаваў былой жонцы і паведаміў, што калі тая не дасць яму грошы, ён абалье бацьку бензінам і падпаліць. Дачка паведаміла аб пагрозе ў міліцыю, якая адразу накіравала на месца здарэння экіпаж дэпартамента аховы міліцыі. 34‑гадовы злачынец недалёка ад’ехаў ад вяслярнай базы, калі пабачыў за сабой пагоню. Ён кінуў машыну са звязаным 70‑гадовым цесцем і знік у цемры.

Пасля ўцёкаў мужчына хаваўся ў вёсцы Ніўкі Добрушскага раёна, зноў патрабаваў грошы ў былой жонкі і планаваў перайсці ўкраінскую мяжу. Перашкодзіла міліцэйская аперацыя. Як паведаміў начальнік крымінальнага вышуку Навабеліцкага РАУС Павел Закалодны, які асабіста затрымаў ліхадзея, той быў здзіўлены з’яўленню міліцыі ноччу ў доме яго сястры і не паспеў аказаць значнага супраціўлення. Ён абвінавачваецца ў выкраданні транспартнага сродку, у пагрозе забойства і ў рабаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?