Пісьменнікі балюча ўспрынялі словы старшыні ПЭН-Цэнтру Андрэя Хадановіча аб бяззубасці беларускай літаратуры.

На сайце Беларускай службы радыё «Свабода» з’явіўся невялікі каментар паэта Андрэя Хадановіча, дзе ён назваў сучасную беларускую літаратуру «бяззубай». Маўляў, 90% сучасных літаратараў свядома абмінаюць у сваёй творчасці пэўныя тэмы.

«Наперад вядомыя імёны, якія яны абмінаюць. Тэмы, якія яны асцярожна не закранаюць. У выніку наша сучасная літаратура выглядае на дзіва бяззубай. Мусоляць і мусіруюць так абмежаваную колькасць тэмаў, размаўляюць пра бяскрыўдныя сінія нябёсы. Мне здаецца, што сёння літаратар мог бы наважвацца на большае. Галоўная бяда, калі літаратар пагаджаецца на змены, на кастрацыю свайго тэксту дзеля таго, каб быць надрукаваным» — такую заяву зрабіў сп.Хадановіч.

«НН» звярнулася па рэфлексіі з гэтай нагоды да нечужых беларускай літаратуры людзей.

Міхась Тычына, крытык, блізкі сябар Васіля Быкава: «Мне думаецца, што беларускамоўная літаратура, улічваючы рэаліі нашага часу, апусцілася на дно нацыянальнага быцця. Натуральна, што змянілася і яе стаўленне да палітычнага, грамадскага жыцця».

Марыя Мартысевіч, дзіва маладога пакалення: «Ведаеце, у мяне ў роце зараз 28 зубоў. Тры вырвалі. І вось гэтыя мае вырваныя зубы мудрасці ў мяне захоўваюцца ў стале, у такой адмысловай скрыначцы. Калі думак няма, слова неабходнае для перакладу не магу ўспомніць, то я дастаю гэтыя свае зубы і натхняюся. Дапамагае. Думаю, што сучасная беларуская літаратура вельмі нават зубатая».

Уладзімір Падгол, аўтар раману «Куля для прэзідэнта»: «Па‑першае, каб такое казаць, беларускую сучасную літаратуру трэба ведаць. Пад ёй я разумею і апошнія творы Быкава. У мяне сумнеў ёсць, ці ведае Хадановіч сучасную беларускую літаратуру.

Я даваў яму свой раман «Куля для прэзідэнта», алё ён не знайшоў часу яго прачытаць. Падаецца, што мая кніга вельмі нават зубастая. Мяне за яе цэлая машына ўзброеных жаўнераў прыязджала арыштоўваць.
Пазней, калі Барыс Хамайда хацеў дамагчыся вяртання накладу, то справу крымінальную аднавілі. Па сённяшні дзень яна не закрытая. Я цяпер пад артыкулам хаджу. Ёсць і іншыя творы. «Лука Мудзішчаў» напрыклад. Чатырохрадкоўе Барадуліна пра бусла, апошнія творы Быкава, іншыя аўтары востра пішуць. Хадановіч іх проста абражае, на мой погляд. У Расіі сучаснай зусім нічога падобнага няма. Ніхто сп. Хадановічу не даваў права ацэньваць беларускую літаратуру».

Васіль Сёмуха, перакладчык, у тым ліку аўтар знакамітага перакладу «Фаўста»: «Я не зусім добра ведаю, што гэта — зубатасць. Магчыма гэта тое, што важна для чалавека сёння. Я не пісьменнік, мне цяжка сказаць. Мой погляд суб’ектыўны. Быў Быкаў — на мой погляд зубасты пісьменнік — без якога немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Барадулін, Някляеў, Бураўкін — нельга сказаць, што яны не зубастыя. Хаця ў іх творчасці няма закліку да барыкадаў. Аднак уладам не падабаецца іх творчасць, іх папулярнасць.

З маладых мне Рыжкоў падабаецца, Марыйка Мартысевіч, Хадановіч той жа. Яны могуць рэалізаваць сябе. Яны таленавітыя. Бахарэвіч, Балахонаў — яны будуць такія. Іх можна браць за горла і патрабаваць зубатасці».

Ганна Кісліцына, крытык: «Калі пад «бяззубасцю» разумець адсутнасць сацыяльнай сатыры ў духу А.Мрыя ці «Тутэйшых» Купалы, то пагаджуся з меркаваннем Хадановіча. Нагадаю, што талент сатырыка вельмі рэдкі, і дзіва, што ён наогул недзе захаваўся да нашага часу. Але, з другога боку, вастрыня бывае рознай… Напрыклад такой, як у нядаўна перавыдадзенай кнізе «Пахаджане» В.Быкава. Яго прыпавесці за дзесяць год абсалютна не страцілі сваёй злабадзённасці… Ці такой, як у кнізе «Мільярд удараў» Ю.Станкевіча (2009), чыя аповесць «Эрынія» — рэдкі выпадак выкарыстання жанру антыўтопіі ў айчынным пісьменстве… Ці такой, як у кнізе «Бунт незапатрабаванага праху» В.Казько, якая нядаўна пабачыла свет. Гэтыя кнігі не «зубаскальныя», але яны для мяне ўзор вострай актуальнай прозы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?