«Сёння, як ніколі, з’яўляецца актуальным пытанне аб правядзенні адкрытага і публічнага працэсу па іх справе. Такога працэсу мы будзем патрабаваць ад улад.
Толькі адкрыты працэс можа прадэманстраваць, што гэтыя людзі невінаватыя, альбо гэта шанс для ўлад паказаць, што абвінавачанні ў дачыненні да іх маюць пад сабой якія‑небудзь падставы», — заявіў 21 кастрычніка ў Мінску на прэзентацыі кнігі «Палітвязні. Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2008 годзе па палітычных матывах» праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Паводле яго слоў, праваабаронцам хопіць вопыту і адукацыі, каб зрабіць адпаведныя вывады ў дачыненні да гэтай справы. «

У адваротным выпадку, калі працэс пройдзе за зачыненымі дзвярыма, мы будзем лічыць, што гэта быў не суд, а судзілішча. Што сапраўды ўлады ўтойваюць ад нас і ад грамадства акалічнасці гэтай справы», — адзначыў Стэфановіч.

У сваю чаргу праваабаронца Алег Волчак заявіў на прэзентацыі аб тым, што шансаў на адкрыты працэс па справе Аўтуховіча і Асіпенкі вельмі мала. «Расследаванне справы праходзіць у закрытым рэжыме: усе адвакаты далі падпіску аб нераскрыцці матэрыялаў справы. Па сваім вопыце я ведаю, што калі праходзіць закрытае расследаванне, то і суд будзе закрытым. Успомніце, напрыклад, справу былога пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра. Следства праходзіла ў закрытым рэжыме — і працэс праходзіць у закрытым рэжыме», — падкрэсліў Волчак.

Ён нагадаў, што ў дачыненні да чатырох чалавек, якія таксама праходзілі па «справе Аўтуховіча» ў якасці падазроных, крымінальная вытворчасць была спынена. «Макуць, Навумовіч, Парэмская і Уланаў атрымалі на рукі адпаведныя паперы», — сказаў Волчак.

Нагадаем, 8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) былі затрыманы прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ім было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асоб» была распачата справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з мінскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачанні. Аўтуховіч і Асіпенка знаходзяцца ў следчым ізалятары № 1 Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?