Наведваючы жылы раён Каменная Горка Лукашэнка запатрабаваў абмежаваць прыплыў людзей у сталіцу.

Паводле ягоных словаў, прыватнікі, акрамя высокадаходнага жылля, павінны будаваць і сацыяльнае, а таксама аб’екты інфраструктуры. Акрамя таго, неабходна ўзяць пад жорсткі кантроль арганізацыі, якія працуюць ужо на будаўнічым рынку. «Тыя з прыватнікаў, хто сёння не працуе ў будаўніцтве, — да пабачэння», — сказаў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе неабходнасць разарваць адносіны з тымі прыватнымі будаўнічымі кампаніямі, якія цяпер па розных прычынах спынілі работы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў абмежаванне прытоку жыхароў у беларускую сталіцу. «Давайце прымаць усялякія рашэнні, каб абмежаваць прыток жыхароў у Мінск, — адзначыў ён. — Нам нельга збіраць у цэнтры ўвесь народ. Ніхто доступ у Мінск не закрывае, але абмяжоўваць прыток людзей трэба і, зыходзячы з гэтага, планаваць будаўніцтва жылля».

Як адзначыў у сваім дакладзе прэзідэнту выконваючы абавязкі старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, калі ў перыяд 2003‑2007 гадоў штогадовы прыток людзей з іншых рэгіёнаў у сталіцу складаў 18‑19 тыс. чалавек, то цяпер гэты прыток зменшыўся і ў 2009 годзе складзе каля 11 тыс.

Мікалай Ладуцька таксама паведаміў, што гарадскія ўлады апошнім часам сталі адыходзіць ад так званай тэорыі кампактнага горада, якая прадугледжвала знос усіх старых будынкаў і будаўніцтва на іх месцы новых. Гэта перыядычна выклікала нездавальненне сярод грамадзян, асабліва ўладальнікаў прыватных дамоў, якія зносілі. Цяпер гарадскія ўлады падыдуць да гэтай праблемы больш разумна: будуць зносіць толькі старыя дамы і старацца не чапаць параўнальна новыя.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць гаспадарлівага падыходу да праблемы.

Паводле яго слоў, «людзей душыць не трэба», але грамадзяне таксама павінны з разуменнем ставіцца да планаў па пашырэнню Мінска і стварэнню больш кампактнай забудовы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?