Судовая справа ў дачыненьні да недзяржаўнай газэты «Intex-press» разглядалася 3 жніўня ў Баранавічах. З пазовам супраць газэты зьвярнуўся дырэктар мясцовай фабрыкі па вытворчасьці абутку Вячаслаў Тумашчык, які палічыў, што нататка пад загалоўкам «Артыкул за «добрыя» цэны», надрукаваная ў нумары за 22 чэрвеня ў рубрыцы «Служба 02», зьневажае яго гонар і годнасьць.

У нататцы, падрыхтаванай паводле паведамленьня прэс-службы Баранавіцкага ГАУС і аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, было сказана, што пракуратура Баранавічаў распачала крымінальную справу ў дачыненьні да дырэктара ААТ «Баранавіцкая абутковая фабрыка» за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Вячаслаў Тумашчык, у сваю чаргу, у пазоўнай заяве сьцьвярджаў, што ён ніколі не прыцягваўся да адказнасьці і патрабаваў ад выданьня абвергнуць інфармацыю, а таксама выплаціць за маральныя пакуты 10 мільёнаў рублёў.

Суд выслухаў бакі і прыняў рашэнне адкласці слуханні справы на 16 жніўня. Адзначалася, што інфармацыя, выкладзеная ў газэце, адпавядае рэчаіснасьці. На наступнае пасяджэньне ў якасьці суадказчыкаў у суд выклікаюць міліцыю.

БАЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0