У Мінску прайшоў міжнародны фестываль «Вялікае Княства Паэзіі». 23 кастрычніка аматары вершаванага слова сабраліся ў Акадэміі мастацтваў, каб паслухаць паэзію на чатырох еўрапейскіх мовах. Беларусы сустракалі гасцей з Літвы, Польшчы і Украіны.
Успрымаць у якасці фестывалю бесперапыннае чытанне вершаў цяжка. Але было б горш, каб тое рабілі толькі чацвёра аўтараў. А так іх сабралася ажно васемнаццаць. Часу, праўда, бракавала. Дзве гадзіны падзялілі на ўсіх. Гэта, канешне, выпрабаванне для паэтаў. Асабліва польскіх і ўкраінскіх. Ехаць столькі гадзін, каб выступіць з парай-тройкай вершаў. Затое атрымалася своеасаблівая хвіліна славы на беларускай сцэне.
Але галоўнае не колькасць, а якасць. Калі ў слухачоў і прысутнічала стомленасць на тварах, то абыякавасці не было. Нават аўтары немаладыя змаглі выклікаць інтарэс да сваёй паэзіі ў моладзі.
Паэты чыталі вершы па чарзе з перакладчыкамі пад музыку ад Сяргея Пукста. Вядоўцамі фестывалю былі Андрэй Хадановіч і Марыйка Мартысевіч. Яны былі і адзінымі, хто прамаўляў са сцэны не толькі вершамі.
Камернасць, у якой праходзіла імпрэза, парушыў Віктар Жыбуль. Сціплы даследчык літаратуры ў паўсядзённым жыцці на сцэне ператвараецца ў выдатнага слэмера.
Выступ Жыбуля задаў тэмп і астатнім паэтам.
Свабодных месцаў у зале Акадэміі мастацтваў хапала. Раней на імпрэзы з удзелам Андрэя Хадановіча разлічаная на паўтысячы месцаў зала была поўнаю. Паэт губляе папулярнасць? Наўрад ці. Віной таму стала паралельная паэтычна-мадэльерская вечарына ў Бібліятэцы Цёткі, што сабрала 60 чалавек, а перадусім «Рок па вакацыях», што праходзіў у той самы вечар у «Рэактары» з удзелам «Ляпіса Трубяцкога». Хадановіча часта можна сустрэць і на мінскіх вуліцах. А вось Міхалка ў Беларусі ўбачыш куды радзей.
Радуе, што ў нашай краіне ёсць маладыя перакладчыкі. Калі раней ніводная прэзентацыя перакладаў не абыходзілася без удзелу Лявона Баршчэўскага, то зараз ён быў простым слухачом у зале. Гэта надае аптымізму, што падобныя фестывалі ў Беларусі будуць праходзіць і надалей. Бо менавіта маладосць з’яўляецца рухавіком усіх пачынанняў.
Удзел у фестывалі «Вялікае Княства Паэзіі» узялі паэты з Літвы Уладас Бразюнас, Вітас Дэкшніс, Антанас А. Ёнінас, Данатас Пятрошус, Альвідас Шляпікас, з Польшчы — Яцак Гутараў, Богдан Задура, Лешак Энгелькінг, з Украіны — Дмытро Лазуткін, Мар’яна Саўка, Астап Слівінскі. Беларускі бок прадстаўлялі Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Уладзімір Арлоў.