Фота: Emrah Gurel, AP

Фота: Emrah Gurel, AP

Праз год пасля адмовы найбуйнейшых заходніх кампаній ад гандлю і страхавання расійскай нафты з-за вайны ва Украіне на іх месца прыйшлі таямнічыя «прышэльцы» з Ганконга, Дубая, Шры-Ланкі, Індыі і Турцыі. Многія з такіх кампаній ніколі не працавалі ў нафтавай галіне, а іншыя зусім не існавалі.

Выданне The Economist выявіла, што менавіта праз іх Расія абыходзіць санкцыі Захаду і пры кожным новым пакеце абмежаванняў павялічвае абарот «шэрай» нафты.

Згодна з інфармацыяй выдання, новая «ценявая» інфраструктура транспартавання і фінансавання расійскай нафты маштабная. Яна пашыраецца з кожным новым пакетам санкцый. За два месяцы дзеяння «цэнавай столі» нафтавы экспарт з РФ па сваіх аб'ёмах вярнуўся на ўзровень лета 2022 года, толькі цяпер расійская нафта масава вывозіцца па каналах, якія складана адсачыць. 

«Напрыклад, не так даўно ля берагоў Гібралтара былі заўважаныя некалькі вялікіх танкераў, якія раней стаялі ў Персідскім заліве і прымалі груз з расійскіх судоў. Аман і Арабскія Эміраты за 9 месяцаў 2022 года імпартавалі больш расійскай нафты, чым за папярэднія тры гады. Малайзія экспартуе ў Кітай удвая больш нафты, чым сама здольна вырабляць», — піша The Economist.

Назіральнікі за судамі падазраюць, што расійскую нафту змешваюць з «партнёрскай» і перапрадаюць. З пачатку вайны ў Дубаі адкрылася больш за 30 расійскіх гандлёвых кампаній, прычым некаторыя з іх пад новымі імёнамі.

Большая частка расійскай нафты праходзіць праз «ценявыя» сеткі, якія не прызнаюць «цэнавую столь». Аднак гэта не робіць іх незаконнымі, бо яны не выкарыстоўваюць заходнюю лагістычную інфраструктуру.

«Ценявыя» сеткі абапіраюцца на тры галоўныя слупы: новыя кампаніі, уласны танкерны флот і новыя крыніцы фінансавання. Гэты гандаль фінансуецца крэдытамі расійскай дзяржавы, а пасярэднікі плацяць за груз толькі пасля таго, як атрымаюць выручку», — паведамляе выданне.

Раней расійская нафта прадавалася гандлёвымі кампаніямі, якія ў асноўным знаходзіліся ў Жэневе, але большасць з іх ужо пераехала ў больш «сяброўскія» юрысдыкцыі ў краіны, якія не далучыліся да санкцый.

Расія на гэты момант мае ў распараджэнні 360 танкераў і іншых судоў, што складаюць 16% усяго сусветнага флоту, які перавозіць сырую нафту. 

Калі б абсалютна ўсе заходнія кампаніі адмовіліся даваць свае караблі для транспартавання расійскай нафты, вышэйназванага флоту ўсё адно хапіла б Расіі для падтрымання дзеючага ўзроўню гандлю. Аднак флот гэты складаецца з састарэлых караблёў і далёка не ўсе парты прымаюць судны без надзейнага страхавання. 

Чытайце яшчэ:

Еўрасаюз здолеў дамовіцца пра ўвядзенне столі цэнаў на расійскую нафту

Вайна ва Украіне — гэта яшчэ і вайна за тытан

Расія страціла статус энергетычнай звышдзяржавы 

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
11
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
40