Я думаў,
вершы мае відушчыя,
аж пакуль не аслепнуў сам
ад маланкі, самім жа пушчанай,
я гарэў, як бязбожны храм,
сам сабе я ў ім здаўся богам,
адпускаў сам сабе грахі —
грызла ганак, вяла дарога
зноў на д’яблавыя кругі,
ад яго я вяртаўся ў поўсці
і калі цалаваў свой крыж,
ён адбіткам жахлівым помсціў,
бы люстэрка ці д’яблаў віж,
і тагды я складаў малітву,
можа, ў соты свой самасуд,
той малітвай, нібыта брытвай,
сашкрабаў у адчаі бруд,
і ў адчаі я рэзаў вочы,
і жахаўся крыві сваёй,
і жагнаўся — набожна, тройчы, —
і агідны жывёльны лой
з гострай брытвы маёй малітвы,
быццам гной, патыхаў маной.

Я пакінуў свой храм смярдзючы,
азірнуўся на купалы,
а святыя ў маіх анучах
неслі кроў маю на сталы,
а я, голы, як здань, бяскроўны,
у чыесьці ступаў сляды,
перад Богам жывёле роўны,
нёс грахі свае на клады,
і глыбела за мной сцяжына,
і ступала ў мае сляды
маці грэшных усіх — Жанчына
з поўнай чарай жывой вады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0