Былой супрацоўніцы Нямецкага банку ў лёнданскім Сіці належыць кампэнсацыя памерам 800 тыс. фунтаў (каля 1,5 млн даляраў) за невыносныя ўмовы на працоўным месцы.

36-гадовая Хэлен Грын падала ў суд на філіял банку Deutsche Bank, скардзячыся на грэблівае стаўленьне калегаў і адсутнасьць падтрымкі з боку кіраўніцтва. Паводле ейнай заявы, калегі пастаянна заміналі ёй працаваць, насьміхаліся зь яе і адпускалі брыдкія заўвагі. Прычым Хэлен Грын вінаваціць чатырох жанчын, што працавалі разам зь ёй.

Х. Грын адпрацавала ў сакратарыяце Deutsche Bank Group Services з 1997 г. па 2001 г. Паводле ейных словаў, калегі часта не ўключалі ейнае імя ў адрас электронных рассылак, хавалі ейную пошту і забіралі дакумэнты з працоўнага стала. У выніку, сьцьвярджае Грын, ёй нічога не заставалася, як сядзець і плакаць. Пры гэтым яна заяўляе, што нічога не рабіла, каб выклікаць такое да сябе стаўленьне.

У сакавіку 2000 г., пасьля двух павышэньняў па службе, яна прайшла спэцыяльны курс, аплочаны кампаніяй, па кіраваньні стрэсавымі сытуацыямі.

У верасьні таго ж году у выніку нэрвовага расстройства Хэлен Грын зрабіла спробу самагубства.

Прадстаўнікі Deutsche Bank у судзе адмаўлялі парушэньне кампаніяй правоў Хэлен Грын і запалохваньне яе на працоўным месцы. У прыватнасьці, акцэнт абароны быў зроблены на эмацыйнай неўраўнаважанасьці пазоўніцы. Аднак судзьдзя ўзяў бок Хэлен. Яна павінна атрымаць 35 тысячаў фунтаў за перанесеныя боль і пакуты, 25 тыс. – за ўрон, нанесены ейнай кар’еры, 128 тысяч за страчаныя даходы і яшчэ 640 тысяч – у якасьці кампэнсацыі за будучыя даходы, уключаючы пэнсію.

Deutsche Bank заяўляе, што паважае рашэньне суду і падкрэсьлівае, што пытаньне пра апэляцыю яшчэ не вырашана.

BBC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0