Лідэр апазыцыі камэнтуе прысуд у дачыненьні да М. Астрэйкі, Ц. Дранчука, А. Шалайкі і Э. Браніцкай.

Прэс-служба лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім экс-кандыдат у прэзыдэнты камэнтуе прысуд у дачыненьні да актывістаў незарэгістраванай ініцыятывы «Партнэрства». Як паведамляла «Наша Ніва», Мікола Астрэйка асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з утрыманьнем у калёніі агульнага рэжыму, Цімох Дранчук – на адзін год калёніі агульнага рэжыму. Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка – на паўгады арышту. 21 жніўня Э. Браніцкая і А. Шалайка мусяць выйсьці на свабоду.

«У сьвядомасьці людзей гэты прысуд застанецца як палітычная расправа над тымі, хто жадаў адкрыта і законна назіраць за выбарамі. Судовы працэс над актывістамі грамадзкай ініцыятывы «Партнэрства» быў задуманы з мэтай застрашыць тых, хто абараняў сваё права глядзець на рукі ўлады», – зазначае А. Мілінкевіч.

Злачынствы, у якіх абвінавачваюць маладых людзей, могуць быць прад’яўлены тысячам людзей па ўсёй Беларусі, якія праяўляюць грамадзянскую актыўнасьць і жадаюць пераменаў.

Лідэр дэмапазыцыі зазначае, што судовы працэс над «Партнэрствам» – сьведчаньне «самаўпраўства адміністрацыйна-каманднага права і непадкантрольнасці ўлады. Я схіляюся перад мужнасьцю гэтых людзей і іх сваякоў, якія нягледзячы на жорсткі прэсінг улады, адстойваюць сваю пазыцыю, сваё права жыць па сумленьні і закону».

Наша Ніва

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0