У Вялікім канцэртным зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі праходзіць ХХХVІ міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень».

Мы папрасілі адзначыць найбольш значныя канцэрты, якія яшчэ адбудуцца ў межах фестывалю кампазітара Ларысу Сімаковіч.

29 кастрычніка пройдзе канцэрт, у праграме якога творы І.С.Баха, І.Брамса, Н.Паганіні, Э.Ізаі, М.Равэля, Ж.Бізэ.

«Я б назвала гэты канцэрт для аматараў экзотыкі. Выконваць творы будуць два скрыпачы з Масквы і адзін з Санкт-Пецярбурга. Яны з’яўляюцца яшчэ студэнтамі кансерваторыі, але ўжо сталі лаўрэатамі міжнароднага конкурсу скрыпачоў імя Д.Ойстраха».

30 кастрычніка — канцэрт «Запрашэнне ў краіну дзяцінства», прысвечаны 80-годдзю з дня народзінаў Яўгена Глебава. «Гэта другі канцэрт у межах «Беларускай музычнай восені» па творах выдатнага кампазітара. Першы прайшоў 26 кастрычніка ў выкананні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. «Запрашэнне ў краіну дзяцінства» падрыхтаваў Дзяржаўны сімфанічны аркестр».

5 лістапада амерыканскі арганіст Рональд Эбрэхт прадстаўляе «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва». Прагучаць творы Ф.Пуленка, Г.Бранта, Н.Бруса, Дж.Кейджа, У.Олбрайта, Д.Харда, С.МакЦі.

«Эбрэхт прыязджае да нас ужо не першы раз. Яго праграма цікавая ўжо тым, што арган спалучаецца са струнным аркестрам і літараўрамі. Дырыжуе — Вячаслаў Воліч. Калі вы яшчэ пачуеце выкананне твораў Бранта і Бруса для аргана і ўдарных?!»

6 лістапада — выступае Нацыянальны акадэмічны Народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. У праграме — песні ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. «Гэта канцэрт з нагоды 40-годдзя калектыву. Ёсць песні ў ансамбля, якія з-за цяжкасці іх выканання не сталі масавымі. Але на канцэрце і іх выканаюць. Дырыжыраваць будзе Аляксандр Крамко».

«Закончыцца «Беларуская музычная восень» 7 лістапада выступленнем нацыянальны акадэмічны хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага. Ужо не першы раз канцэртам гэтака калектыву завяршаецца фестываль і прыпадае ён на Дзядзоўскую суботу. Ці будзе на выступленні адлюстравана гэтая тэматыка? Прыходзьце і паслухайце самі».

У межах фестывалю таксама пройдуць іншыя канцэрты.

28 кастрычніка — «Ігар Квашэвіч запрашае сяброў». У праграме класічныя, джазавыя і эстрадныя кампазіцыі.

31 кастрычніка — «Класік-Дуэт». У праграме творы П.Сарасатэ, А.Вьетана, Дж.Гершвіна, А.Цыганкова.

1 лістапада — Астар Пьяцола «Жарсці па танга».

3 лістапада — выступае «Новы расейскі квартэт» (Масква). У праграме творы Ф.Шуберта і І.Брамса.

4 лістапада — канцэрт «У садзе сусвету» у выкананні Надзеі Мікуліч і Грыгорыя Палішчука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?