Пытанне аб далейшым лёсе Бернда Штанге, які з 2007 года ўзначальвае нацыянальную зборную Беларусі па футболе, будзе вырашацца пасля 18 лістапада.

Пра гэта паведаміў сам нямецкі спецыяліст, каментуючы па просьбе БелаПАН сваё выказванне на ХХХ міжнародным сімпозіуме трэнераў па футболе, што прайшоў у Мінску. Штанге заявіў, што з аптымізмам глядзіць на лёсаванне адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы‑2012, якое пройдзе 7 лютага наступнага года.

«Усе мае думкі сёння пра беларускі футбол, — заявіў Штанге, адказваючы на пытанне, ці жадае ён прадоўжыць работу са зборнай. — У нас былі два цяжкія гады ў гэтай кваліфікацыйнай групе [чэмпіянату свету‑2010]. Але ўсе мы з аптымізмам глядзім у будучыню, улічваем вынікі нашага маладзёжнага футбола, барысаўскага БАТЭ, стыль гульні нацыянальнай каманды, пачатую ініцыятыву па падрыхтоўцы трэнераў. Усё гэта сведчыць аб тым, што федэрацыя на правільным шляху».

«Па гэтай прычыне мы ўсе разам з аптымізмам глядзім на 7 лютага і спадзяемся, канешне, не трапіць зноў у адну групу з Англіяй, Харватыяй, Украінай.

А пра нашу сумесную будучыню мы дамовіліся пагаварыць пасля 18 лістапада (у гэты дзень пройдуць матчы плей‑оф у адказ еўрапейскай кваліфікацыі ЧС‑2010. — БелаПАН.)», — сказаў Штанге.

Паводле яго слоў, сімпозіум запатрабаваў напружання многіх людзей. «Наша маленькая федэрацыя добра правяла яго, і мы перанясем аптымізм гэтага сімпозіума ў наш план павышэння кваліфікацыі нашых трэнераў. Гэта чарговае наша заданне, якое мы павінны напоўніць жыццём і якасцю, і затым мы пойдзем па нашым шляху», — адзначыў нямецкі спецыяліст.

Пад кіраўніцтвам Штанге беларуская зборная заняла чацвёртае месца ў 6‑й еўрапейскай адборачнай групе ЧС‑2010, набраўшы 13 пунктаў у 10 матчах (12 пунктаў ці 100%, у гульнях з аўтсайдэрамі Казахстанам і Андорай і 1 ачко, ці 6%, у паядынках з лідэрамі Англіяй, Украінай і Харватыяй). Напярэдадні цыклу перад зборнай ставілася задача фінішыраваць на трэцяй пазіцыі.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Глядзі таксама:
Чэмпіянат Еўропы - 2012: Беларусь трапіла ў 4-ты кошык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0