Каму ў Беларусі жыць добра? Піша Наталка Бабіна.

Гэтыя выпадкі адбыліся ў адзін дзень. Каб расказаць пра іх, не трэба шмат слоў.

Пайшлі з малой у паліклініку, каб атрымаць даведку пра стан здароўя. Адстаялі чаргу гадзіны паўтары да ўчастковага педыятра — звычайная рэч. Доктар не рашылася даць даведку: «Каб быць упэўненымі, што вашай дачцэ можна займацца фізкультурай у асноўнай групе, вам трэба прайсці ўльтрагукавое даследаванне сэрца. Толькі — паглядзела троху збянтэжана — у нас у паліклініцы на бясплатнае УГД запісваюць зараз на травень наступнага года».

То бок, каб атрымаць даведку на гэты навучальны год, трэба або чакаць яго канца, або зрабіць працэдуру ў нейкім платным цэнтры прыкладна за 80 тысяч…

Па дарозе дамоў зайшлі ў краму да цёці Валі — за свежымі пірожнымі. Найсімпатычнейшая цёця Валя, мясцовая жыхарка, прыгожая беларусачка і носьбіт роднай мовы, у гэты дзень адзначала юбілей — 55 гадоў.

Павіншаваўшы, я пацікавілася: ці будзе яшчэ працаваць, ці пойдзе на пенсію?

«А хіба можна не працаваць? Пенсію за жыццё зарабіла — 390 тысяч. Хіба можна на гэта пражыць? Гэта яшчэ што! Мая аднакласніца, усё жыццё прапрацаваўшы выхавацелькай у дзіцячым садку, зарабіла 195 тысяч! А аднакласнік, доктар‑анэстэзіёлаг з рэанімацыйнага аддзялення — 500 тысяч! Гэта вам як?»

Вечарам таго ж дня прачытала артыкул штатнага прапагандыста на тэму дзяржавы для народа. Маўляў, усё лепш нам жыць…

Ну так, табе, мо, і сапраўды, някепска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?